Як у Беларусі выбіралі ўкраінца на "Еўрабачанне-2018". Фотарэпартаж
Цуду не адбылося: ад Беларусі на "Еўрабачанне-2018" едзе ўкраінская поп-зорка ALEKSEEV. Мікіта паказаў прыгожы нумар у фінале нацыянальнага адбору 16 лютага, але вось песню "Forever" праспяваў кепска. Журы гэтага чамусьці не заўважыла (фэны на такія рэчы ўвагі не звяртаюць, а профі — мусяць), падарыла спеваку максімальных 12 балаў і адправіла ў Лісабон.
Тое, што паедзе ALEKSEEV, было зразумела ўсім. Проста так такія зоркі на беларускім адборы не з'яўляюцца. Але логікі ў гэтым мала: у фінале сябе бліскуча паказалі беларусы Shuma, Гюнеш і Кірыл Гуд. Кожны з іх праспяваў бы на "Еўрабачанні" лепш за Аляксеева.
Уогуле адкрыты адбор — гэта не пра Беларусь (хоць для яго арганізатараў, вядома, гэта выгадны запасны ход). У гэтым месцы наша некім выяўленая талерантнасць знікае так жа імкліва, як сонца ў лютым. На сцэне нацыянальнага адбору мы не церпім легіянераў не таму, што ў іх прысутнасці можа не быць сэнсу, а таму, што яны нагадваюць пра адсталасць нашага шоў-бізу і ўласную бездапаможнасць. Але, як кажа модны Кірыл Гуд, сітуацыя па-ціху змяняецца, і праз 5 гадоў у нас таксама пачнуцца ўкладацца грошы ў музыку, з'явяцца лэйблы і мы станем крутымі.
Ну а пакуль ад Беларусі на "Еўрабачанне" едзе ўкраінскі спявак з англамоўнай песняй...