Апазіцыя Венесуэлы абвінаваціла Мадура ў арганізацыі перавароту
Канстытуцыйным пераваротам назваў лідар венесуэльскай апазіцыі Энрыке Капрылес рашэнне прэзідэнта Нікаласа Мадуры склікаць новы парламент. Мадура плануе, што новы парламент заменіць цяперашнюю Нацыянальную асамблею і атрымае паўнамоцтвы па змене канстытуцыі краіны.
У цяперашняй Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы большасць належыць апазіцыі.
Па словах Мадуры, якія перадае Бі-Бі-Сі, дэпутатамі новага парламента стануць звычайныя грамадзяне — рабочыя, якія падтрымліваюць урад, і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Гэта пазбавіць уплыву апазіцыю, якая ўяўляе, па словах прэзідэнта, небяспеку для краіны.
Цяперашняя Нацыянальная асамблея раней звярнулася да Мадуры з заклікам сысці ў адстаўку ў сувязі з найцяжэйшым эканамічным крызісам. Заяву Мадуры пра новы парламент цяперашні старшыня Нацыянальнай асамблеі Хуліа Борхес назваў чарговай спробай пазбавіць венесуэльцаў права голасу і яшчэ адным крокам да палітычнага перавароту.
Прыхільнікі прэзідэнта, у сваю чаргу, вінавацяць апазіцыю ў спробе дзяржаўнага перавароту.
У Венесуэле ад пачатку красавіка праходзяць антыўрадавыя дэманстрацыі, якія нярэдка перарастаюць у сутычкі з паліцыяй. Паводле апошніх звестак, у такіх сутычках ўжо загінулі 28 чалавек.