На Плошчы Свабоды ў Мінску прыхільнікі Статкевіча распалілі вогнішча
Апазіцыйны мітынг “Абаронім Беларусь” у цэнтры Мінска прайшоў без затрыманняў. Зладзіў акцыю экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар “Народнай грамады” Мікола Статкевіч. Мітынг праходзіў на Плошчы Свабоды ў фармаце перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў.
У каментары Еўрарадыё палітык патлумачыў, што правёў такія пікеты ў 19 гарадах краіны.
“Сёння завяршальная сустрэча. У адрозненне ад папярэдніх, якія былі ў абласных і раённых цэнтрах, яна тэматычная. Мітынг прысвечаны абароне незалежнасці, бо гэта самая асноўная праблема: не будзе незалежнасці — не будзе нічога”, — сказаў Статкевіч.
У акцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі матчынага руху 328, сябры “Маладога Фронту”, а таксама шэраг вядомых палітыкаў і актывістаў. Сярод выступоўцаў быў і сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
“Трэба ў адкрытую казаць пра пагрозу незалежнасці Беларусі, пра пагрозу паглынання Беларусі. Цяпер Беларусь у Крамля недзе ў раёне горла. Яшчэ пару скаўтванняў — і мы правалімся ўнутр. Калі 8 снежня будуць спробы рэальна здзейсніць тое, што запланавана ў праграме інтэграцыі так званай, трэба выходзіць і масава пратэставаць, як было ўвесну 1996-га”, — заявіў ён у інтэрв’ю Еўрарадыё.
Напярэдадні ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра меркаваную колькасць міліцыянтаў, якія будуць прысутнічаць на акцыі. Севярынец называе гэта спробай спалохаць людзей.
Кульмінацыяй мітынгу стала спаленне пасведчанняў сябраў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдата.
На месцы прысутнічала прыкладна паўсотні праваахоўнікаў у цывільным, але яны нікога не затрымлівалі.