Апошняе слова Бяляцкага: патрэбны шырокі грамадскі дыялог для нацыянальнага міру
Алесь Бяляцкі на судзе / sb.by
Беларусі патрэбны шырокі грамадскі дыялог, скіраваны на нацыянальнае прымірэнне. Пра гэта ў сваім апошнім слове заявіў кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна", нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца згадаў, што ў 1980-х гадах на ўвесь Савецкі Саюз было тры трысячы палітвязняў, а цяпер іх у Беларусі каля паўтары тысячы. Ён падкрэсліў, што два ягоныя адвакаты за час расследавання былі пазбаўленыя ліцэнзій, а адзін — Віталь Брагінец — сам быў зняволены і асуджаны на восем гадоў.
Крымінальную "справу Вясны" Бяляцкі ацаніў як палітычна матываваную. Ён адзначыў, што 13 месяцаў следства расследавала ўхіленне ад падаткаў, а потым памяняла абвінавачанне на "кантрабанду арганізаванай злачыннай групіроўкай".
Сённяшнія рэпрэсіі ў Беларусі праваабаронца параўнаў з самымі змрочнымі сталінскімі часамі.
"Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка ні здавалася камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць. У такім дыялогу павінны ўзяць удзел, як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах, і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў з'ехаць за мяжу. Гэта рэальная прапанова, абы было жаданне і палітычная воля. Грамадска-палітычны крызіс у Беларусі не ўнікальны. Вось проста зараз выхадам з падобных крызісаў займаюцца іншыя краіны ў розных кутках свету. Улады і грамадскасць у Казахстане, у Венесуэле і нават у Іране. Трэба ясна ўсвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі сур'ёзных наступстваў: да беднасці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь. Калі мы думаем пра Беларусь як пра нашу супольную для ўсіх беларускіх грамадзянаў Радзіму, у якой нягледзячы на розныя палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасці, ёсць месца ўсім. Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць", — заявіў праваабаронца.
Прысуд праваабаронцам "Вясны" агучаць 3 сакавіка. Для Алеся Бяляцкага абвінавачванне просіць 12 гадоў зняволення, для Валянціна Стэфановіча — 11 гадоў, для Уладзіміра Лабковіча — 9 гадоў, для праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва, якога судзяць завочна, — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы знаходзяцца за кратамі з лета 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.