Арганізатараў Дня Волі могуць прыцягнуць да адказнасці

Як распавёў у інтэрв'ю Еўрарадыё начальнік прэс-службы сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі, удзельнікі шэсця ў бок Кастрычніцкай плошчы парушылі закон, за гэта арганізатарам пагражае штраф або адміністрацыйны арышт.
Аляксандр Ластоўскі: "Безумоўна, як мы ўсе бачылі, удзельнікі мерапрыемства пайшлі недазволеным шляхам. На ўсе патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць парушэнні правапарадку яны не рэагавалі. Былі спыненыя толькі дэманстрацыяй выстаўленага ланцугу супрацоўнікаў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Сілавога кантакта не адбылося. Але закон аб масавых мерапрыемствах быў парушаны. Я магу сказаць, што будзе дадзена прававая ацэнка гэтай сітуацыі".

Арганізатары мерапрыемства падпісалі дакумент, у якім абяцалі, што шэсце пойдзе толькі па дазволеным маршруце. Як адзначыў Ластоўскі, правакацыяў з боку ўдзельнікаў мітынгу не было, таксама падчас правядзення акцыі не адбывалася затрыманняў.

Паводле ацэнак міліцыі максімальная колькасць людзей каля Акадэміі Навук дасягнула 700 чалавек, СМІ ж давалі трохі іншыя лічбы — каля 1000 і нават больш.

Аляксандр Ластоўскі сказаў, што міліцыя будзе працаваць па інфармацыі аб магчымасці выбуху, якая з'явілася напярэдадні акцыі:

"Паступіла да нас інфармацыя, што некалькі замежных грамадзян прыехалі ў Мінск, каб правесці выбух прыстасавання, аналагічнага таму, што была ўзарваная 3 ліпеня 2008 года. Таму начальнік міліцыі звярнуўся да прысутных, каб яны звярталі ўвагу на падазроных людзей і прадметы. Гэта насіла толькі рэкамендацыйны характер. Мы абавязаны распачаць усе меры, хай і самыя строгія, каб такога не адбылося".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі