Археолагам трэба дапамога для раскопак на месцы старога манастыра пад Браславам

Востраў Манастыр пад Браславам
Востраў Манастыр пад Браславам

З 1 да 15 жніўня на раскопкі пад Браславам збяруцца валанцёры з усёй Беларусі. Яны будуць працаваць у падвалах уніяцкага базыльянскага манастыра, які стаяў на востраве Манастыр 500 гадоў таму.

У гэты манастыр прыходзілі паломнікі з усяго свету, каб пакланіцца іконе Валадаркі Азёраў — цяпер адзінай каранаванай у Віцебскай вобласці. Паводле адной з версій, манастыр згарэў ад удару маланкі. Званы зніклі, але іх звон мясцовыя жыхары часам чуюць з-пад вады.

Кіраваць археалагічнай экспедыцыяй пагадзіўся вядомы гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі. Канчатковая мэта праекта — аднавіць манастыр і мост з берага на востраў. Гэтае месца плануецца ператварыць у гісторыка-культурную славутасць.

Чаму экспедыцыі раптам спатрэбіліся грошы? У пачатку лета археолагі абвясцілі аб пошуку валанцёраў. Знайшлося больш 70 ахвочых узяць удзел у раскопках. Арганізатары не разлічвалі на такую цікавасць. Сродкаў на тое, каб пакрыць усе выдаткі па транспарце, харчаванні і пражыванні валанцёраў у намётавым лагеры цягам 15 дзён, не хапае. Таму арганізатары абвясцілі краўд-кампанію на платформе Molamola.

"Просім усіх, хто можа дапамагчы нам дасабраць грошы да 1 жніўня, асвятліць наш праект і аказаць любую інфармацыйную падтрымку! Дзеля адраджэння гісторыі Беларусі, дзеля духу энтузіязму, які яшчэ жывы ў людзях!

Некамерцыйная арганізацыя "Цэнтр рэгіянальнага развіцця "Браслаў" будзе ўдзячная кожнаму за водгук і дапамогу ў зборы сродкаў! Каманда праекта складаецца з людзей розных прафесій, з розных гарадоў, але ўсіх аб'ядноўвае адно — жаданне жыць у Беларусі і рабіць для яе росквіту максімум магчымага", — пішуць яны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі