Асенізатараў злавілі на крадзяжы на працоўным месцы
У Навабеліцкі РАУС Гомельшчыны паступіла паведамленне пра крадзяжы паліва з камбінату.
Як паведамляе прэс-служба МУС, у махлярскай схеме ўдзельнічалі два кіроўцы асенізатарскіх машын. У аднаго стаж працы на прадпрыемстве — больш за 25 гадоў, другі толькі што ўладкаваўся. Старэйшы таварыш навучыў маладога, як зарабіць на лішках паліва.
Выязджаючы за межы камбіната, кіроўцы штучна накручвалі спідометры, катаючыся па горадзе. На асенізатарскіх машынах не стаялі відэарэгістратары. Кіроўцы запісвалі ў дарожныя лісты, быццам яны рэальна выязджалі на аб'екты за межы камбіната.
Старэйшы з кіроўцаў папаўся на дробным крадзяжы: яго аштрафавалі за крадзеныя 10 літраў паліва. Але калі аператыўнікі прыгледзеліся больш уважліва, то выявілі, што прыпіскі адбывалася цягам года. Прычым у спісе выездаў значыліся нават такія аб'екты, дзе няма каналізацыі.
Адзін з кіроўцаў зліваў лішкі ў гаражы каля свайго дома, а другі — недалёка ад прадпрыемства, дзе пазней і прадаваў. Па падліках, асенізатары прысвоілі паліва на 1200 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.