"Атрымліваю грамадзянства" — хакеіст з Оршы пра подпіс пад праўладным лістом

Ягор Гайнетдзінаў / pressball.by​
Ягор Гайнетдзінаў / pressball.by​

Сярод падпісантаў праўладнага ліста спартоўцаў аказаўся і расіянін Ягор Гайнетдзінаў, форвард аршанскага "Лакаматыва".

Ліст, паводле яго слоў, ён прачытаў, але гаварыць з журналістамі пра яго змест і палітыку адмовіўся.

"Таму што атрымліваю беларускае грамадзянства. У прыватнасці, праз гэта неабходна было падпісаць", патлумачыў ён сваё рашэнне ў інтэрв'ю Tribuna.com. На пытанне, ці не здаецца яму, што, падпісваючы такі ліст, ён падтрымлівае рэпрэсіі ў дачыненні да спартоўцаў, у тым ліку ў дачыненні да былога в.а. дырэктара свайго ж клуба Яўгена Мазуры, Гайнетдзінаў сказаў: "На тое былі свае абставіны, таму давялося падпісваць".

Пры гэтым ён сказаў, што ніякага ціску на яго не было, як і рэакцыі заўзятараў на яго крок. Журналісты папрасілі Гайнетдзінава пракаментаваць і нядаўнія санкцыі ў дачыненні да клуба за тое, што пяць хакеістаў каманды не трымалі руку на сэрцы падчас выканання гімна Беларусі. За гэта клуб аштрафавалі.

"Такі рэгламент чэмпіянату, які павінны выконваць усе", — сказаў форвард "Лакаматыва", а на ўдакладняльнае пытанне, "ці нармальна гэта", дадаў: "Не задумваўся на гэты конт. Мая справа не думаць, а выходзіць і гуляць".

З аршанскага "Лакаматыва" праўладны ліст спартощцаў падпісалі 23 чалавекі, у тым ліку 6 грамадзян Расіі.

Былы в. а. дырэктара "Лакаматыў" Яўген Мазура быў вымушаны пакінуць сваю пасаду ў клубе пасля таго, як падпісаў іншы ліст спартоўцаў — супраць гвалту і за новыя выбары. У кастрычніку кантракт з ім быў скасаваны па пагадненні бакоў. Мазура расказваў, што яму далі зразумець, што больш не бачаць яго на гэтай пасадзе. Чыноўнікі наўпрост казалі: "Давай або па артыкуле і з праблемамі, або па пагадненні бакоў". "Узяў паўзу прыкінуць варыянты і абраў другое", — распавядаў ён падрабязнасці свайго сыходу з клуба pressball.by.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі