Аўстрыйскія кватэры "кашалька Лукашэнкі" Вараб'я выпырхнулі з-пад санкцый
Нерухомасць, якая належыць сям'і Варабей, да гэтага часу не трапіла пад заходнія санкцыі / калаж Еўрарадыё
Захад увёў санкцыі супраць беларускага рэжыму і яго паплечнікаў, але правароніў дарагую нерухомасць Мікалая Вараб'я, "нафтавага кашалька" Аляксандра Лукашэнкі. У беларускага бізнесмена ёсць шале і кватэры ў Аўстрыі, кожная з якіх аформлена на яго сваякоў і каштуе мільёны долараў.
Сляды аперацый з маёмасцю Варабей замятаў не з дапамогай якога-небудзь шараговага аўстрыйца, а дзякуючы Максіміліяну Крыстафу фон Габсбург-Латарынгскаму, нашчадку адной з галін імператарскага роду Аўстра-Венгрыі. А ад атачэння гэтага арыстакрата нітачкі цягнуцца да Яна Марсалека, аднаго з самых вышукваных аферыстаў Еўропы.
Фірма, якая працуе са шматмільённымі стратамі
На чыстую ваду паслугача Лукашэнкі вывеў "Беларускі расследавальніцкі цэнтр" разам з аўстрыйскім выданнем Dossier. "Найбольш прыкметны актыў [сям'і Варабей] — шале ў рэгіёне Карынтыя на поўдні Аўстрыі. Да рэзідэнцыі плошчай 300 квадратаў прыкладаецца ўчастак на 19 тысяч квадратных метраў, з лугамі, лясамі і садамі. Належыць гэта маёмасць фірме Power Chemical Trading", — расказваюць беларускія журналісты-расследавальнікі.
Аформлена гэтая фірма на Кацярыну Смушковіч (Варабей), дачку Мікалая Вараб'я. А ён крыху раней атрымаў Power Chemical Trading ад свайго партнёра Максіміліяна Крыстафа фон Габсбург-Латарынгскага.
У 2020 годзе, паводле фінансавай справаздачы, Power Chemical Trading панесла чыстых страт на паўтара мільёна еўра. У фірме ў розныя гады значыліся альбо 0, альбо 1 супрацоўнік. "Што гэта значыць? Усё выглядае так, як быццам асноўная функцыя фірмы — валоданне домам у Карынтыі і абслугоўванне яго", — прыходзяць да высновы расследавальнікі.
Раскінуў актывы паміж жонкай і дачкой
Акрамя люксавай нерухомасці на поўдні Аўстрыі, Варабей заклапаціўся купляй кватэры ў Вене. Набыла яе ў 2013 годзе жонка беларускага бізнесмена Тамара Варабей. Кватэра абышлася ёй у 3 700 000 еўра.
На той момант Тамара Варабей працавала ў наваполацкіх кампаніях "Інтэрсэрвіс" і "Аўтаімпарт", а гадавы заробак жанчыны складаў 35 000 долараў.
У 2017 годзе дачка Вараб'я Кацярына Смушковіч купляе апартаменты ў Першым раёне аўстрыйскай сталіцы. За 202 квадратныя метры дзяўчына адваліла 3 000 000 еўра.
Не выключана, што куплі дарагой нерухомасці спадарожнічала маштабная шэрая схема, якую сумесна з беларускімі ўладамі пракруціў вараб'ёўскі "Інтэрсэрвіс". Дзякуючы прарэхам у заканадаўстве Беларусь пад выглядам растваральнікаў рээкспартавала нафтапрадукты, атрыманыя з расійскай нафты. Гэта дазволіла не выплачваць Расіі пошліны ад паставак за межы Мытнага саюза. Калі расіяне зразумелі, што іх нядрэнна нагрэлі, яны запатрабавалі кампенсацыі ў паўтара мільярда долараў, але ў выніку справу звялі на нішто.
Цесна спляліся паміж сабой
Аўстрыйскі арыстакрат Максіміліян Крыстаф фон Габсбург-Латарынгскі і Мікалай Варабей знаёмыя даўно, яшчэ да здзелкі з MHL Property Management (так раней называлася Power Chemical Trading). Хакеры "Кібер-Партызанаў" пацвярджаюць, што як мінімум з верасня 2013 года Габсбург-Латарынгскі, Варабей і іх сваякі некалькі разоў лёталі з ЕС у Беларусь і назад.
З 2020 года аўстрыйскі арыстакрат узначальвае "Аўстрыйска-расійскае таварыства сяброўства". Гэтая арганізацыя пасярэднічае паміж бізнесменамі Аўстрыі і РФ. Аўстрыйская прэса паведамляе, што "таварыства сяброўства" і яго заснавальнік Фларыян Штэрман могуць мець дачыненне да аднаго з самых вышукваных падазраваных аферыстаў Еўропы — Яна Марсалека.
З расследавання цэнтра "Дасье" вынікае, што махляр Марсалек пакінуў Вену праз Беларусь. Паспрыялі яму і расійскія спецслужбы, якія забяспечылі мужчыну пашпартам на новае імя. Марсалека падазраюць у буйной аферы, якую той пракруціў у нямецкай кампаніі Wirecard. Вынікам злачынства стала фінансавая нястача амаль на два мільярды еўра.
Пасля таго як злілі перапіску, якая паказвае на тое, што Фларыян Штэрман быў пасярэднікам у перадачы канфідэнцыйнай інфармацыі ад Яна Марсалека, заснавальнік "Аўстрыйска-расійскага таварыства сяброўства" пакінуў пасаду адказнага сакратара гэтай арганізацыі. Але пры гэтым прасунуў на сваё месца Максіміліяна Крыстафа фон Габсбург-Латарынгскага, шчырага сябра Мікалая Вараб'я.
Мікалай Варабей мае цесныя зносіны і з расійскім алігархам Якавам Галдоўскім, уладальнікам аўстрыйскай інвестыцыйнай кампаніі Petrochemical Holding і былым кіраўніком буйнога расійскага нафтахімічнага холдынга "Сібур".
Сама ж сям'я Варабей жыве на шырокую нагу і ні ў чым сабе не адмаўляе, рэгулярна наведваючы свецкія мерапрыемствы, гарналыжныя курорты і здзяйсняючы дарагія статусныя пакупкі. Пра гэта і іншае больш падрабязна ў матэрыяле "Беларускага расследавальніцкага цэнтра".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.