Avias: У нас ёсць куплеты, прыпевы, гітары і дысторшн. Але мы асаблівыя

12 чэрвеня ў рок-клубе TNT Avias прэзентуюць свой дэбютны альбом "Колеры". Напярэдадні канцэрта Еўрарадыё сустрэлася з лідарам каманды Раманам Сухоцкім і гітарыстам Сяргеем Налівайкам.

 

Хтосьці запісаў пласцінку і прысвяціў яе свайму сабаку. Мы не можам аб'яднаць песні па такім прынцыпе.

Еўрарадыё: Тыдзень таму вы выпусцілі дэбютную пласцінку "Колеры". Раскажыце пра яе.

Раман Сухоцкі: Гэта альбом, да якога мы ўзмоцнена рыхтаваліся і які запісалі даволі хутка. У яго ўвайшлі 11 трэкаў. Большасць песень былі напісаныя зусім нядаўна — некаторыя з іх нават ніколі не гучалі на канцэртах. Частка з іх была прыдуманая 2-3 гады таму, але рэалізаваная толькі для дэбютнага альбома.

Мне складана сказаць, пра што альбом, тым больш, што адказ у пэўным сэнсе пазначаны ў назве. Мы назвалі яго "Колеры" маючы на ўвазе не нешта канкрэтнае, а, хутчэй, сутнасць разнапланавасці і разнастайнасці. Ды і мы ў калектыве ўсё вельмі разнамасныя людзі.

Сяргей Налівайка: Сэнсавая нагрузка, якая зыходзіць ад песень, не ахоплівае нейкія пэўныя тэмы. Тут ёсць тое, што мы бачым у жыцці, то, з чым мы сутыкаемся кожны дзень, то, чаго мы выракаемся, чаго прытрымліваемся, за што перажываем — мы закранаем вялікі спектар эмоцый і пачуццяў.

Раман Сухоцкі: Бывае такое, што нехта запісаў пласцінку і прысвяціў яе свайму сабаку ці нейкаму чалавеку, або жыццёва важным падзеям. Мы не можам аб'яднаць песні па такім прынцыпе. Ёсць песні асобныя, якія, магчыма, і былі напісаныя на нейкую канкрэтную тэму, як, напрыклад, песня "Людзі". Яна ўяўляе сабой жартоўную фантазію на тэму таго, што жыццё на зямлі — гэта ўсяго толькі лабараторная праца студэнта, з якой ён не зусім удала, магчыма, справіўся, і яго за гэта адчытвае яго выкладчык. Песня пра НЛА была напісаная пад уражаннем ад таго, што я калісьці сапраўды ўбачыў на небе зусім неапазнаны аб'ект. Можа, гэта і не былі далёкія жыхары, але растлумачыць, што гэта, я не мог. Бываюць песні, якія складваюцца проста з набору фантазій, якія наводзяць на нейкія вобразы і аб'яднаць іх, баюся, я магу толькі ў назве песень. Да таго ж, я прытрымліваюся такой пазіцыі, пра што ўжо неаднаразова казаў, што музыка — гэта ў першую чаргу, энергія, якая павінна выклікаць адчуванні. А для больш канкрэтных карцін ёсць такія гурты, як Lumen, якія спяваюць пра сацыяльныя справы.

Сяргей Налівайка: Як правіла, калі ты пра нешта спяваеш, ты ўкладаеш у гэта сваю думку, спрабуеш нешта данесці да слухача, нешта расказаць. Тэкст — гэта вельмі важна.

Раман Сухоцкі: Так, але я не магу ў нейкія два словы ўпіхнуць канцэпцыю альбома! Гэта — я, гэта — мы, гэта — наша музыка. Тое, чым мы хочам падзяліцца. Усё.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што рок-музыка павінна быць простай, зразумелай і даступнай. Наколькі ў вас атрымалася на альбоме прытрымлівацца гэтага?

Раман Сухоцкі: Мне здаецца, так, цалкам. Альбом выйшаў тыдзень таму, і я атрымліваю лісты ад сяброў, знаёмых і незнаёмых людзей, водгукі якіх даюць зразумець, што пласцінка адпавядае гэтым крытэрыям. Было такое, што мы падаваліся ў зусім незразумелыя эксперыменты з музыкай. Гэта вельмі цікава, і я не кажу, што мы выракаемся гэтага ў будучыні. Але ў музыцы не павінна быць нічога надуманага і нагрувашчванняў.

"Рома, калі ты ўжо напішаш новую песню? Карацей, глядзі!"

Еўрарадыё: Ты кажаш, што ў апошні час у гурце квітнее калектыўная творчасць. Ці моцна адрозніваюцца песні, напісаныя табой або створаныя усімі ўдзельнікамі ў працэсе імправізацыі?

Раман Сухоцкі: Мне здаецца, што адрозніваюцца. Таму гэта і цікава. Усё адно, калі я пішу песню, у мяне ёсць набор звыклых мне форм, ад якога часам бывае цяжка адысці. У калектыве мы сабраліся розныя па духу і тэмпераменце, музычных перавагах. Мне здаецца, што ў нас вельмі добра атрымліваецца адзін на аднаго ўплываць ў музычным плане. Гэта цікава. Нішто не з'яўляецца прынцыповым падыходам. То бок, калі мы некалькі песень напісалі ў такім рэжыме, гэта не значыць, што калі я прынясу гатовую кампазіцыю, хлопцы скажуць "не, мы ж вырашылі рабіць калектыўна" (смяецца).

Хаця нават калі каркас песні цалкам мой, усё адно застаецца досыць прасторы для таго, каб кожны ўнёс туды сваё.

Сяргей Налівайка: Я, як нядаўні ўдзельнік гэтага калектыву, хачу сказаць, што падыход да справы ў нас у апошні час змяніўся на больш калектыўны. Прысутнічае агульнае меркаванне. Калі мы на рэпетыцыях упіраемся ў нешта, адбываецца галасаванне. Калі 2 на 2, то ў нас ёсць дзяўчына, яе думкі мы ў выніку і прытрымліваемся. А наогул, меркаванне кожнага ўдзельніка павінна быць улічанае. Не павінна быць ніякага лідарства. У нашым выпадку гэта творчасць 4-х людзей.

Раман Сухоцкі: Ну вось, музычны складнік песні "Межы", можна сказаць, Сярога прыдумаў. Мне засталося толькі сесці і заняцца лініяй голасу і гітарнымі партыямі. Гэта было кшталту такога (смяецца): "Рома, калі ты ўжо напішаш новую песню? Карацей, глядзі!".

Сяргей Налівайка: Так, ну і атрымалася! Рома злавіў хвалю. Я сваім штуршком запоўніў месца ў яго творчым крызісе, і такім чынам справа пайшла.

Раман Сухоцкі: "Хворыя марамі" таксама выдатны прыклад таго, як мы адзін аднаго падхапілі. Сярога паказаў куплет, я дапоўніў яго прыпевам, прама на рэпетыцыі, і песня гатовая. Гэта вельмі натхняючы працэс. Таму што я не раз натыкаўся ў працэсе стварэння песень на такі ступар, калі спрабую і тое, і гэта, і нешта не атрымліваецца. А такі калектыўны падыход усё паварочвае ў пазітыўны бок.

 

Таленты трэба шукаць на вуліцы

Еўрарадыё: Ці ёсць на альбоме 100-працэнтныя хіты, на ваш погляд?

Раман Сухоцкі: У асноўным, вядома, мы любім ўсе нашы песні. Хоць мне здаецца, людзі, якія чуюць нашу музыку ўпершыню, могуць больш аб'ектыўна ацаніць "хітовасць" таго ці іншага трэка. Але, як мне падаецца, сапраўдным хітом атрымалася песня "Хворыя марамі", адназначна, песня "Падман зроку", якую мы прадстаўлялі сінглам: простая, прамая песня, пад якую хочацца танцаваць і скакаць.

Сяргей Налівайка: Любы альбом павінен мець нейкую колькасць песень, разлічаных быць лідыруючымі. Мы лічым, што на нашым альбоме ёсць такія песні. Магчыма, яны будуць яго прасоўваць, патрапяць у ратацыі і дапамогуць гурту быць больш пазнавальным.

Еўрарадыё: А як вы вызначаеце паняцце "хіт"?

Раман Сухоцкі: Для мяне асабіста гэта песня, якая з першага разу "заходзіць". Але большасць таго, што мы чуем у крамах, на вуліцах або ў СМІ — гэта ўсё ж сфабрыкаваныя хіты, якія быццам бы як і ўядаюцца ў галаву, але чамусьці не выклікаюць захаплення. Я кажу канкрэтна пра папсу і эстраду.

Сяргей Налівайка: Я лічу, што хіт — гэта тое, што лёгка ўспрымаецца, у чым ёсць нейкая разыначка, нейкая думка, нават глыбокі сэнс, калі словы выклікаюць нейкае захапленне.

Еўрарадыё: На ваш погляд, што ўсё ж было вырашальным у перамозе Канчыты Вурст на "Еўрабачанні": песня, вобраз ці праект у цэлым?

Раман Сухоцкі: Я не лічу, што Канчыта б перамагла без гэтага вобраза. Шакуючы імідж адыграў сваю ролю. Па-мойму, "Еўрабачанне" не ўпершыню адбірае пераможцаў менавіта па такім крытэрыі.

Еўрарадыё: А што трэба зрабіць Беларусі, каб трапіць у лік лідараў "Еўрабачання", як вам падаецца?

Раман Сухоцкі: Напэўна, тое ж самае (смяецца).

Сяргей Налівайка: Я не лічу конкурс "Еўрабачанне" аб'ектыўным. Але ён усё ж глабальны, і ў ім вялікую ролю адыгрывае геапалітыка. Таму, якую ролю ў ім грае творчасць, песня, выканаўца, сказаць складана, таму што ў апошнія гады ўсё выглядае там вельмі пластмасавым. Ёсць добрыя песні і выканаўцы, але ўсё злізанае, і яркі прыклад таму — апошні конкурс. Песня пераможцы — добрая. Але вялікую ролю ў яе перамозе згуляла талерантнасць да гэтага чалавека.

Еўрарадыё: Упершыню за ўсю гісторыю ўдзелу Беларусі ў "Еўрабачанні" беларусы даволі салідарна падтрымлівалі свайго прадстаўніка Тэа. Як вам беларуская нумар?

Раман Сухоцкі: Я прапусціў гэтую падзею, калі шчыра.

Сяргей Налівайка: А я бачыў. Мне падаецца, што Тэа, як прадстаўнік нашай краіны, выступіў някупска. Але, усё ж, з не такой песняй нам трэба выбівацца на конкурс.

Еўрарадыё: А з якой?

Сяргей Налівайка: У нас ёсць шмат падпольных талентаў, якія займаюцца з выкладчыкамі, выдатна спяваюць, але яны далёкія ад афіцыйнай беларускай сцэны. У іх ёсць выдатныя песні!

Раман Сухоцкі: Увогуле, таленты трэба шукаць на вуліцы.

Сяргей Налівайка: Ну, і рабіць больш шырокую рэкламу беларускага адбору, а таксама даваць шанец прадстаўнікам розных жанраў.

 

Нягледзячы на тое, што мы — рок-гурт, які грае з чыстым гукам і дысторшнам, і ў нас ёсць куплеты і прыпевы, і ўсё дастаткова зразумела, мы ўсё адно імкнемся да таго, каб быць непадобнымі на іншых

Еўрарадыё: Вы граеце пост-гранж. Наколькі цяперашні ён далёкі ад першакрыніцы?

Раман Сухоцкі: Мы ў 90-х не гралі (смяецца)... Тыя прадстаўнікі стылю, якія гралі тады, і якія цяпер выпускаюць новыя альбомы, трымаюць сваю марку і правільна робяць, таму што перасталі б у іншым выпадку быць сабой. Мне падабаецца, што робяць Stone Temple Pilots, Soundgarden — гэта асучасненае, але з такім выразным падмуркам.

Сяргей Налівайка: Асучасніць — гэта вельмі правільная пазіцыя гурта, які дзейнічае на перспектыву, прагрэсуе. Калі б гэтыя гурты гралі тое, што яны гралі ў 90-х, нікому б гэта было не цікава.

Раман Сухоцкі: Тут важны дух часу! Мне падабаецца гэты стыль музыкі, і я слухаю нават непапулярных прадстаўнікоў гэтага стылю. Але я б менш хацеў прылічаць сябе да гуртоў, якія граюць гранж, тупа капіюючы манеру. Я ўсё адно лічу, што нягледзячы на тое, што мы — рок-гурт, які грае з чыстым гукам і дысторшнам, і ў нас ёсць куплеты і прыпевы, і ўсё дастаткова зразумела, мы ўсё роўна імкнемся да таго, каб быць непадобнымі на іншых.

Сяргей Налівайка: Наогул, мы сябе называем рок-гуртом. А тэрміналогія цяпер ужо не патрэбная. Таму што цяпер вельмі шмат рознага кшталту напрамкаў, і часам язык заплятаўся сказаць іх. Гэта забіванне галавы незразумела чым. Ёсць рок, ёсць метал, ёсць поп, ёсць джаз — вось і ўсё!

Еўрарадыё: Што вам не падабаецца ў сучаснай музыцы?

Раман Сухоцкі: Мне не падабаецца, што з'явілася вельмі шмат "пластмасы", таго, што сфабрыкаванае і не з'яўляецца прадуктам маральнай або духоўнай каштоўнасці.

Сяргей Налівайка: І скандалаў!

Раман Сухоцкі: Ну, скандалы — гэта нармальна. Абгортка бывае важнейшай, чым сам змест. Таму што калі паглядзець, гадоў 15 таму гуртоў было ў свеце ў раз 100 менш, чым цяпер.

Еўрарадыё: Гурту Avias амаль 4 гады. На вашым рахунку некалькі сінглаў, альбом, канцэрты. Ці ёсць у вас генеральны план на будучыню?

Раман Сухоцкі: Мы хочам далей граць, развівацца, дзяліцца гэтым са слухачамі, распаўсюджваць гэтую музыку, наколькі гэта магчыма, пісаць новыя песні, запісваць іх, выпускаць, граць канцэрты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі