Бананавы пратэст у Польшчы: чаму палякі масава фатаграфуюцца з бананамі?

Бананавы пратэст у Польшчы: чаму палякі масава фатаграфуюцца з бананамі?

Жыхары Польшчы і неабыякавыя карыстальнікі інтэрнэту з мінулай пятніцы пачалі публікаваць у сацсетках свае здымкі з бананам. Таксама тысячы чалавек выказалі жаданне 29 красавіка а 18-й гадзіне ўзяць удзел у акцыі “Спажыванне бананаў перад Нацыянальным музеем”. Гэтую акцыю ў Польшчы ўжо назвалі “Банана Гейт”, а фота ў Instagram і Facebook публікуюцца з адпаведнымі хэштэгамі #bananaselfie і #bananagate.

Бананавы пратэст у Польшчы: чаму палякі масава фатаграфуюцца з бананамі?
Да флэшмобу далучыліся і знакамітасці, напрыклад, Адам Nergal Дарскі

Еўрарадыё тлумачыць, што прымусіла палякаў да бананавага пратэсту і чаму фота з бананамі запаланілі стужкі навін польскіх і не толькі карыстальнікаў сацсетак.

Прычына флэшмобу ў тым, што з галерыі мастацтва XX i XXI стагоддзя ў Нацыянальным музеі ў Варшаве 26 красавіка знялі відэаінсталяцыі мастачак Наталлі LL «Мастацтва спажывання» і Катажыны Казыры «З’яўленне Лу Саламэ». Работы не спадабаліся новаму дырэктару ўстановы — прафесару Ежы Miзёлку.

Праца Наталлі LL — гэта відэазапіс 1972 года, дзе маладая жанчына есць банан. «Лу Саламэ» — гэта відэа Катажыны Казыры, у якім мастачка-дамінантка паганяе пугай двух мужчын у касцюмах сабак. Адзін з іх сімвалізуе Рыльке, а другі падобны на Ніцшэ [Лу Саламэ — нямецкая філосаф і псіхааналітык расійскага паходжання, якая была ў сяброўскіх стасунках з Ф. Ніцшэ, З. Фрэйдам і Р. Рыльке. — Еўрарадыё].

Як піша Gazeta Wyborcza, дырэктар Нацыянальнага музея ў Варшаве прафесар Ежы Мізёлэк патлумачыў забарону экспазіцыі тым, што гэтыя працы былі «скандальнымі» і «пагаршалі моладзь». Таксама выданне падкрэслівае, што падобнае рашэнне дырэктар установы мог прыняць толькі з дазволу Міністэрства культуры, а ведамства адмаўляе, што загадвала яму змяняць экспазіцыю.

Цэнзураванне Катажыны Казыры выклікала меншае грамадскае абурэнне, чым выдаленне працы Наталлі LL.

У момант публікацыі гэтага матэрыялу стала вядома, што выдаленыя відэа вырашылі вярнуць у экспазіцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі