Банкі адменяць экспрэс-крэдыты, а іпэшнікі працягнуць даваць грошы пад 300%
Нацбанк абмежаваў працэнты па крэдытах. Але канторы, якія пазычаюць грошы “да заробку”, будуць працаваць па-старому.
12 снежня набыла моц пастанова Нацбанка № 720 "Аб асаблівасцях фармавання спецыяльнага рэзерву на пакрыццё магчымых страт па крэдытах на спажывецкія патрэбы". Сэнс просты: выдача спажывецкіх крэдытаў па высокіх працэнтных стаўках стане для камерцыйных банкаў нявыгаднай. Іх абавязалі абмежаваць стаўку падвойным памерам стаўкі рэфінансавання (23,5%*2=47% на сёння), а таксама стварыць адмысловы рэзерв, роўны агульнай суме запазычанасці.
“Пакуль у нас нічога новага. Машына пакуль завядзецца… Самі разумееце. Пакуль працуем па-старому”, — гавораць мне ў прэс-службе “Беларусбанка”.
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра кампаніі “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб гаворыць, што такім чынам Нацбанк жадае паўплываць на рост грашовай масы ў краіне.
“Агульная прычына — гэта тое, што ў апошні час Нацыянальны банк стараецца зменшыць рост грашовай масы. Якая аказвае ціск на курс замежнай валюты і на кошты, правакуе і інфляцыю, і дэвальвацыю”.
Сярод іншых прычын — жаданне не дапусціць мыльных бурбалак на фінансавым рынку краіны. То бок сітуацыі, калі людзі бяздумна набіраюць крэдыты пад высокія працэнты і потым не могуць разлічыцца з банкамі. Працэнты па экспрэс-крэдытах у банках да сённяшняга дня дасягалі і 55%, і 60%.
Іосуб ацэньвае новую пастанову Нацбанка як станоўчую з’яву. Адмова ад экспрэс-крэдытавання зробіць рынак банкаўскіх крэдытаў больш цывілізаваным.
“З майго пункту гледжання, гэта даволі станоўчая мера. Бо што з сябе ўяўляюць экспрэс-крэдыты? Яны выдаюцца даволі хутка — за гадзіну, нават за паўгадзіны. За гэты час банк не можа поўнасцю адэкватна ацаніць усе рызыкі”.
Але якой бы прагрэсіўнай ні была пастанова Нацбанка, яна ніяк не закранае дзейнасць дробных арганізацый і асобных ІП, якія цяпер актыўна прапануюць грашовыя пазыкі “пад 1 працэнт у дзень”. Мала хто лічыць, што гэта цэлых 366% гадавых. Пад кантроль Нацыянальнага банка такія канторы проста не трапляюць — ён займаецца толькі банкамі.
Але, як даведалася Еўрарадыё, іх дзейнасць хутка таксама будзе ўрэгуляваная, ужо рыхтуецца адпаведны ўказ кіраўніка краіны.