Барнукова: санкцыі ЗША страшнейшыя, чым адключэнне ад SWIFT
Акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова лічыць, што персанальныя санкцыі ЗША страшнейшыя нават, чым адключэнне ад плацежнай сістэмы SWIFT.
На гэтым тыдні Абсалютбанк з прычыны санкцый ЗША перастаў абслугоўваць карты Visa і ажыццяўляць міжнародныя валютныя пераводы.Акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова лічыць, што персанальныя санкцыі ЗША страшнейшыя нават, чым адключэнне ад плацежнай сістэмы SWIFT.
— Я б не стала адмаўляць магчымасць адключэння Беларусі ад SWIFT, але да гэтага ёсць яшчэ шмат крокаў, якія Еўрасаюз зробіць. У прыватнасці, санкцыі на калій: пакуль 80% прадукцыі не падпадае пад дзейныя санкцыі. Было б натуральным крокам пашырыць санкцыі на калій, перад тым як уводзіць такія сур'ёзныя санкцыі, як адключэнне ад плацежнай сістэмы SWIFT.
Другі момант у тым, што калі ўводзіліся санкцыі, то ўводзіліся ў дачыненні да канкрэтных банкаў, а не ўсёй банкаўскай сістэмы. Таму ёсць надзея, што ўсю банкаўскую сістэму не адрэжуць ад міжнародных пераводаў.
Але, наколькі мне вядома, Нацбанк яшчэ год таму рыхтаваў банкі да такога магчымага сцэнару і да магчымасці выкарыстоўваць сістэму міжнародных пераводаў праз расійскія банкі.
Гледзячы на тое, што адбываецца з Абсалютбанкам, — амерыканскія санкцыі нашмат больш сур'ёзныя, чым адключэнне ад SWIFT. Абсалютбанк не проста не можа рабіць пераводы, ён адключаны ад сістэмы VISA, ён адключаны ад мноства функцый. Па сутнасці, як банк ён практычна забіты. Таму пагроза пашырэння санкцый на такія банкі — яна значна больш небяспечная, чым пагроза адключэння ад SWIFT.
Што да крэдыту ад МВФ у амаль адзін мільярд долараў, то тут не ўсё так проста. Аказваецца, гэта не жывыя грошы, а толькі "спецыяльныя правы пазычання", якімі ў найлепшым выпадку можна пагасіць знешні доўг.
— МВФ спрабуе захоўваць вобраз не вельмі палітызаванага інстытута. І таму калі няма міжнароднага кансенсусу, што ўрад не прызнаны, то МВФ будзе выдаваць крэдыт, таму што выдае ўсім краінам — сябрам МВФ.
Цяпер тэма з Афганістанам рэактуалізавала гэтае пытанне, але баюся, што ўрад Беларусі ўсё ж такі прызнаецца большасцю краін — членаў МВФ. І досыць складана будзе МВФ рацыяналізаваць гэтае рашэнне.
Напрыклад, ЗША адправілі ў Беларусь амбасадара, і была надзея, што ён зможа працаваць у Мінску. Гэтая надзея не рэалізавалася, але ўсё ж такога афіцыйнага непрызнання ўрада няма.
МВФ выдае не жывыя грошы, а "спецыяльныя правы пазычання", якія залічваюцца ў ЗВР. Наколькі ліквідная гэтая частка рэзерву? Відавочна, што не вельмі.
У нас падчас крызісу 2011-га ў ЗВР былі такія ж спецыяльныя правы пазычання, але мы не змаглі іх патраціць. Таму што асноўны прынцып выкарыстання такіх правоў — гэта магчымасць імі разлічыцца за знешні доўг. Іх нельга выкінуць на ўнутраны рынак.
І вось тут мы ўпіраемся ў пытанне, а ці захочуць нашы крэдыторы прымаць вось гэтыя правы пазычання. Бо нашы асноўныя крэдыторы — Расія і Кітай.
Кацярына Барнукова мяркуе, што перспектыва ў беларускай эканомікі ў будучыні незайздросная, хоць цяпер, прызнае яна, беларуская эканоміка ў добрай форме:
— У нас цяпер эканоміка ў вельмі добрай форме дзякуючы знешняму попыту і росту экспарту. Але гэтая сітуацыя будзе сыходзіць у мінулае. Бум на многіх рынках заканчваецца, аднаўленне посткавіднае заканчваецца, штам "дэльта" нясе новыя пагрозы, і ўсё гэта ўжо пачынае адбівацца на цэнах нафты.
Таму нашае эканамічнае свята не будзе цягнуцца доўга. І ў нас яшчэ ёсць дзве пагрозы. Па-першае, гэта санкцыі. Калі яны будуць пашыраныя і рэалізаваныя, гэта будзе балюча для эканомікі і можа мець у тым ліку сацыяльныя наступствы, асабліва ў рэгіёнах, дзе знаходзяцца прадпрыемствы, якія трапілі пад санкцыі.
Другая частка рызыкі — стаўленне да прыватнага сектара і палітыка па яго развіцці. І адказ самога прыватнага сектара на пагрозы, якія ўзнікаюць. Прыватны сектар ужо даўно, паводле нашых апытанняў, ацэньвае рызыкі як вельмі высокія. І я думаю, што падзеі апошніх некалькіх месяцаў іх толькі павысілі.
А гэта значыць, што развівацца прыватны сектар будзе павольней, чым без гэтых рызык. І будзем глядзець, зможа эканамічны блок вытрымаць і адлюстраваць атаку на прыватны сектар ці ім усё ж давядзецца саступіць і глядзець, як плён іх працы знішчаецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.