Байдэн абмеркаваў з саюзнікамі каардынацыю падтрымкі Украіны
Вайна ва Украіне
3 кастрычніка Джо Байдэн абмеркаваў з саюзнікамі каардынацыю падтрымкі Украіны. Нарада ўдзельнікаў G7, NATO і ЕС (прэм'ер-міністраў Вялікабрытаніі, Канады, Італіі і Японіі, прэзідэнтаў Румыніі і Польшчы, кіраўніка МЗС Францыі, канцлера Германіі, генеральнага сакратара Паўночнаатлантычнага альянсу, а таксама кіраўніцы Еўракамісіі і старшыні Еўрапейскага савета) адбылася з ініцыятывы прэзідэнта ЗША. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Белы дом паабяцаў апублікаваць падрабязнасці тэлефоннай размовы пазней.
Са слоў польскага прэзідэнта вынікае, што падчас размовы Байдэн запэўніў партнёраў, што ЗША будуць працягваць падтрымліваць Украіну: "Ён запэўніў нас, што падтрымка Украіны, асабліва ваенная, працягваецца. Ён сказаў, што будзе дамагацца гэтай падтрымкі ў Кангрэсе".
30 верасня Джо Байдэн падпісаў закон аб часовым фінансаванні ўрада. З ухваленага Кангрэсам дакумента быў выключаны пакет дадатковага фінансавання для Украіны ў памеры $24 млрд, які запытвалі ў Белым доме. Байдэн паабяцаў, што ЗША "ні пры якіх абставінах" не могуць дапусціць перабояў у падтрымцы Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.