Байкеры з клуба "Начныя ваўкі" прыбылі ў Берлін
Байкеры з клуба "Начныя ваўкі" завяршылі мотапрабег "Дарогі Перамогі — на Берлін" і прыбылі ў сталіцу Нямеччыны. Пра гэта інфармуе РБК са спасылкай на нямецкае агенцтва DPA.
Па звестках берлінскай паліцыі, група з 200 байкераў плануе ўскласці кветкі да мемарыяла каля Брадэнбургскай брамы і наведаць іншыя савецкія мемарыяльныя комплексы ў Берліне.
"Начныя ваўкі" пачалі свой мотапрабег з Масквы 29 красавіка. Нямецкую мяжу яны пераехалі 8 траўня. Пры праверцы дакументаў на мяжы ў байкераў не было праблемаў. За некалькі дзён да таго "Начныя ваўкі" ўсклалі кветкі да магіл салдатаў Чырвонай арміі ў Празе. Мясцовыя актывісты спрабавалі перашкодзіць ім, але паліцыя прадухіліла магчымыя канфлікты.
Раней паведамлялася, што байкераў не захацелі пускаць праз сваю тэрыторыю Літва, Польшча, Украіна. Тым не менш матацыклісты трапілі на тэрыторыю Еўрасаюза. 2 траўня кіраўнік прабегу Андрэй Баброўскі паведаміў, што байкеры знаходзяцца ў Славакіі ды плануюць рухацца далей. Аднак ён не паведаміў, якім чынам "Начныя ваўкі" трапілі ў ЕС.