“Начных ваўкоў” у Празе сустрэлі крымскататарскімі сцягамі
У Празе адбыліся пікеты супраць прыбыцця ў Чэхію байкераў з адыёзнага расійскага клуба “Начныя ваўкі”. Як паведамляе інфармацыйны рэсурс newsonline24, расіян сустрэлі расцяжкай “Чэхам добра вядома, якая яна — „дружба“ уладароў Расіі”.
Напярэдадні ўлады сталіцы Чэхіі забаранілі расійскім байкерам праезд у цэнтар гораду, аднак на Вацлаўскай плошчы 30 актывістаў выйшлі з расцяжкай і сцягамі, сярод якіх былі крымскататарскі сцяг і афіцыйныя сьцягі Украіны, Чэхіі, NATO і Еўрасаюза. Таксама ўдзельнікі акцыі раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра тое, што “Начныя ваўкі” падтрымліваюць анексію Крыму Расіяй, а сам клуб фінансуецца з расійскага бюджэту.
Паведамляецца, што свае мерапрыемствы расіяне правялі на Альшанскіх могілках.
Ужо некалькі гадоў запар напярэдадні 9 траўня “Начныя ваўкі” праводзяць прапагандысцкія прабегі “На Берлін” па краінах усходняй Еўропы. Улады гэтых краінаў стараюцца не прапускаць іх на сваю тэрыторыю, або абмяжоўваюць дзеянні пракрамлёўскіх байкераў.