БАЖ дагэтуль не атрымала адказ на зварот з нагоды падзеяў 16 верасня

Беларуская асацыяцыя журналістаў дагэтуль не атрымала адказ на свой запыт з нагоды падзеяў 16 верасня, хаця тэрмін выйшаў яшчэ 23 кастрычніка. Старшыня БАЖ Жанна Літвіна паведаміла Еўрарадыё, што адказ будуць чакаць яшчэ адзін дзень.
Жанна Літвіна: “Пакуль няма пісьмовага афіцыйнага адказу. Можа, пошта, раптам у апошні дзень адправілі, тут выхадныя былі. Заўтра будзем чакаць”.

Між тым, яшчэ 22 кастрычніка намеснік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень заявіў, што адказ БАЖ адпраўлены.

Нагадаем, 16 верасня супрацоўнікі праваахоўных органаў сілай перашкаджалі журналістам беларускіх і замежных СМІ фатаграфаваць разгон вулічнай акцыі. Справа адбывалася падчас акцыі памяці зніклых 10 гадоў таму палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.

Людзі ў цывільным, якіх было па 2 чалавекі на кожнага журналіста, рэзка закрывалі сабой відэа- і фотакамеры, штурхалі фотакарэспандэнтаў, нягледзячы на наяўнасць у журналістаў рэдакцыйных пасведчанняў.

З гэтай нагоды Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала звароты да пракурора Мінска Мікалая Куліка і міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова. Журналісцкая арганізацыя патрабавала высветліць асобы і прыцягнуць да адказнасці тых, хто аддаваў і выконваў незаконныя загады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі