Беларусь і Расія занялі апошнія месцы ў ЕАЭС па росце ВУП у 2023 годзе

Сцягі краін-удзельніц ЕАЭС

Сцягі краін-удзельніц ЕАЭС / eec.eaeunion.org

Беларусь і Расія на фоне санкцый занялі апошнія месцы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па росце валавога ўнутранага прадукту ў 2023 годзе. Пра гэта піша агенцтва "Позірк" са спасылкай на звесткі Дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

У сярэднім рост эканомікі ў ЕАЭС склаў 3,8%. Лідарам зрабілася Арменія — плюс 8,7%. Далей ідуць: Кыргызстан — 6,2%, Казахстан — 5,1%, Беларусь — 3,9%, Расія — 3,6%. Вытворчасць тавараў у саюзе павялічылася на 3,1%. Прычым Беларусь прадэманстравала тут самы высокі рост (плюс 6,7%). У Арменіі вытворчасць тавараў вырасла на 4,5%, Казахстане — на 3,9%, Кыргызстане — на 3,6%, Расіі — на 2,8%. Затое ў катэгорыі "вытворчасць паслуг" Беларусь заняла апошняе месца (плюс 1,4%). Арменія тут дадала 10,6%, Кыргызстан — 6,2%, Казахстан — 5,7%, Расія — 4,2%.

Паводле найважнейшых прагнозных параметраў развіцця краіны на 2024 год, прырост ВУП сёлета павінен скласці 3,8%. Так разлічвае ўрад краіны.  Дададзім, што чальцамі ЕАЭС — арганізацыі рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі — з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі