Беларусь хоча амаль у два разы павысіць тарыфы на транзіт нафты
Нафтаправод / БЕЛТА
Беларусь хоча сур'ёзна павысіць з 1 ліпеня тарыфы на транспарціроўку нафты. Пра гэта піша "Коммерсант". Паводле звестак выдання, "Гомельтранснафта Дружба" (гэта аператар беларускага ўчастка нафтаправода "Дружба") 26 траўня звярнуўся з такой прапановай у "Транснефть". Просіць аб павышэнні тарыфаў на 84% да дзейнага ўзроўню.
Такое павышэнне "дасць магчымасць забяспечыць бясстратную працу кампаніі ў 2023 годзе і захаваць для яе магчымасць далейшага развіцця", гаворыцца ў лісце. Такім чынам беларуская кампанія спрабуе кампенсаваць страты ад увядзення санкцый. Нагадаем, у пачатку года Германія і Польшча адмовіліся закупаць расійскую нафту і перайшлі на нафту з Казахстана. Пры гэтым аб'ёмы прапампоўкі прыкметна скараціліся. Па выніках года пастаўкі з Казахстана для Польшчы і Германіі наўрад ці перавысяць 1 млн тон. Гэта прыкладна ў 20 разоў менш, чым раней пастаўлялася з Расіі.
Калі падвышэнне тарыфаў ўзгодняць, то нафта для спажыўцоў у Еўропе падаражэе. Прычым не толькі ў Германіі і Польшчы, але і для Чэхіі, Славакіі і Венгрыі, куды пакуль пастаўляецца расійская нафта. І тады спажыўцы могуць пачаць шукаць альтэрнатыўныя крыніцы сыравіны, кажуць эксперты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.