Беларус сыграў Хрыста падчас Крыжовага шляху з удзелам Папы Францішка
Беларускі танцор Максім Вайцюль выканаў ролю Хрыста падчас Крыжовага шляху з удзелам Папы рымскага Францішка. Ён адбыўся 29 ліпеня ў кракаўскіх Блонях у рамках сусветнага каталіцкага фестывалю СДМ.
Як паведамляе партал catholic.by, Крыжовы шлях быў пабудаваны ў форме эклектычнай пастаноўкі, якая, паводле арганізатараў, была не толькі апошняй дарогай Хрыста, але і прадстаўляла яе як дарогу Міласэрнасці.
14 прыпынкаў былі спалучаны з учынкамі міласэрнасці для душы і для цела, распавядаючы пра праблемы сучаснай моладзі, такія як беднасць, голад, цярпенне, вызваленне ад граху, адзінота.
Беларус сыграў Ісуса падчас першага прыпынку — сцэна называлася “Ісус асуджаны на смерць”. Максім Вайцюль — выпускнік дзяржаўнай балетнай школы ў Мінску, а сёння – першы саліст Народнага балета Польшчы і ўладальнік тэатральнай музычнай узнагароды імя Яна Кіпюры як найлепшы танцор.
Вайцюля выконвае партыі ў балетах “Рамэа і Джульета”, “Лебядзінае возера”, “Ганна Карэніна”, “Спячая прыгажуня”, “Жызель”, “Чыпаліна”, “Тры мушкецёры”.
Танцавальнае майстэрства беларуса змог ацаніць не толькі сам Папа Рымскі, але і каля 800 тысяч сабраных у Блонях удзельнікаў СДМ.