Беларусь у 2014 г. мусіць выплаціць больш за 2,4 млрд долараў дзяржпазыкі
Міністэрства фінансаў плануе пагасіць вонкавую дзяржаўную пазыку Беларусі ў аб'ёме 2 млрд 432 млн долараў.
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле "Аб праекце бюджэту на 2014 год", апублікаваным у ведамасным часопісе Мінфіна, перадае interfax.by.
Па звестках ведамства, у 2014 году аб'ём пагашэння крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацый складзе 1 млрд 843,4 млн долараў.
Плаціць па крэдытах беларускі ўрад будзе Антыкрызіснаму фонду ЕўрАзЭС, МВФ, МБРР, Расіі, Венесуэле, Кітаю, Нямеччыне.
Усяго на абслугоўванне дзяржпазыкі Беларусі плануецца накіраваць 10 трлн 39,6 млрд рублёў, адзначаецца ў артыкуле.
Па звестках Мінфіна, вонкавая дзяржпазыка па стане на 1 кастрычніка 2013 года склала 12,3 млрд долараў і вырасла з пачатку года на 314,1 млн долараў (ці на 2,6% з улікам курсавых розніц).
Фота — n1.by