Беларус з неанацысцкай татуіроўкай: “Хутчэй з’еду з рэспублікі, чым яе звяду”

Беларус з неанацысцкай татуіроўкай: “Хутчэй з’еду з рэспублікі, чым яе звяду”

У Міністэрстве ўнутраных спраў разлічваюць, што законапраект па неанацысцкіх татуіроўках трапіць у Палату прадстаўнікоў да канца года. Штраф за дэманстраванне такой сімволікі хочуць падняць з 10 да 30 базавых велічыняў. Майстар, які наб’е кліенту такую крамольную татуіроўку, таксама заплаціць 30 базавых.

МУС хоча пашырыць і пералік сімвалаў, за якія будуць прыцягваць да адказнасці.

“Караць стануць за вітальныя жэсты нацыянал-сацыялістаў, паролі, коды, лічбы, у якіх зашыфраваныя імёны фюрэра. Напрыклад, “88” — зашыфраванае вітанне “Хайль Гітлер!”, “SS”, усе магчымыя руны, “кельты”, “калаўраты”, — тлумачаць на сайце МУС са спасылкай на Міхаіла Бедункевіча, начальніка 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС. 

Беларус з неанацысцкай татуіроўкай: “Хутчэй з’еду з рэспублікі, чым яе звяду”
Неанацысцкая татуіроўка, якую выстаўляе ў сацсетках адзін з беларускіх карыстальнікаў

Плануецца, што міліцыянеры будуць затрымліваць усіх, хто трапіць пад падазрэнне. А суд будзе вырашаць, неанацысцкі гэта сімвал ці не. Каб супрацоўнік МУС не пераблытаў, напрыклад, нацыянальны ўзор з крамольным сімвалам, усім раздадуць адпаведныя метадычкі. Але канкрэтнага пераліку забароненых сімвалаў складацца не будзе.

Зрэшты, і без законапраекта ўладальнікі неанацысцкіх тату сёння трапілі пад жорсткі прэс. Іх штрафуюць і бясконца саджаюць на суткі, патрабуючы звесці свастыкі з цела. Выпадкаў стала настолькі шмат, што людзі масава прыбіраюць крамольныя фотаздымкі з сацыяльных сетак.

 

“Праз татуіроўку мяне адправілі ў псіхдыспансер”

 

Еўрарадыё звязваецца з двума ўладальнікамі крамольных тату. Павел з Гродзенскай вобласці праходзіць тэрміновую службу ў войску. У яго на плячы — стылізацыя пад старадаўні кельцкі крыж. Сімвал праз шмат гадоў пасля Другой сусветнай вайны пачалі выкарыстоўваць неанацысты. У ваенкамаце на тату звярнулі пільную увагу.     

Беларус з неанацысцкай татуіроўкай: “Хутчэй з’еду з рэспублікі, чым яе звяду”

 

“Былі праблемы толькі пры праходжанні псіхолагаў. Першы раз нічога не пыталіся. А потым трапіў на дзяўчат, і яны адправілі мяне ў псіхдыспансер. Але ўсё скончылася нармальна”, — згадвае Павел.  

Ён спрабуе патлумачыць, што тату азначае “ўзаемазвязанасць усяго на планеце”, што яно не мае нічога супольнага з нацызмам. Але яшчэ Павел кажа, што сімпатызуе неанацысцкай ідэалогіі.

“У маім выпадку я станоўча стаўлюся да іншаземцаў, якія жывуць на сваёй зямлі. Каб не было міграцыі і гэтак далей. Прэтэнзій да яўрэяў у мяне таксама няма. Больш мяне турбуе выраджэнне нацыі, расы. Вось такія прыгожыя моманты”, — тлумачыць малады чалавек.  

Павел не любіць сучасную Расію і ў вайне на ўсходзе Украіны падтрымлівае жоўта-блакітнае войска. Ён сцвярджае, што ніколі не быў футбольным хуліганам, а тату набіў з прычыны ўласных перакананняў. Міліцыя яго пакуль не турбавала. Ад знаёмых гісторыяў пра штрафы і суткі за тату ён не чуў.

“Але калі так пойдзе далей, калі будуць пераследаваць і мяне, я хутчэй пакіну рэспубліку, чым буду гэта цярпець”, — выказваецца малады чалавек. 

 

Сяргей са свастыкай: “Гэта не сімвал Трэцяга Рэйху”

 

Гутарым з яшчэ адным беларусам, на целе ў якога тату, вельмі падобнае да свастыкі. Палітычныя погляды Сяргея відавочна адрозніваюцца ад поглядаў Паўла.

“Я не нацыст, я — рускі”, — піша малады чалавек у сацыяльных сетках на…нямецкай мове.

Сяргей катэгарычна не любіць беларускую ўладу, лічыць яе “жыдоўскай”, з беларускіх кіраўнікоў паважае толькі Пятра Машэрава. Зрэшты, Гітлера і яго войска Сяргей таксама не любіць.

Беларус з неанацысцкай татуіроўкай: “Хутчэй з’еду з рэспублікі, чым яе звяду”

У мяне на целе няма татуіровак Трэцяга Рэйху. На плячы нанесены сімвал Рода (Род — адзін са славянскіх Багоў — Еўрарадыё) чырвонага колеру. Ён не мае нічога супольнага з фашызмам і нацыяналізмам, які быў навешаны нямецкаму народу ў 1933 годзе”, — адказвае Сяргей. 

Ён не супраць, каб людзі набівалі на целе якія заўгодна тату, і прапаноўвае свой варыянт законапраекта. 

“Кожны няхай набівае тое, што хоча. Галоўнае, каб ён асэнсоўваў значэнне гэтых тату, а не ляпіў іх слепа па ўсім целе. Трэба ўвесці закон аб нанясенні тату з 24 гадоў. У гэтым узросце мазгі працуюць лепш, чым у 15-19-22-гадовых прыдуркаў”.

Дарэчы, абодвум хлопцам, з якімі Еўрарадыё пагутарыла, каля 25 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі