Беларус заплаціў 351 мільён рублёў падатку

Непрацуючая гамяльчанка не змагла патлумачыць, адкуль мае Bentley, BMW і кватэру. Дзяўчына, як вядома, заплаціла 93 мільёны падаткаў. Але, як даведалася Еўрарадыё, гэта не рэкорд:

“У Гомельскай вобласці была выплата і ў 125 мільёнаў рублёў падатку, у Брэсцкай вобласці — 48 мільёнаў. Гэта ці то нерухомасць, ці то дарагі транспарт. Шмат хто плаціць 25 мільёнаў”, — прыгадваюць у Міністэрстве па падатках і зборах.

А ў Полацкім раёне Еўрарадыё знаходзіць падаткаплацельшчыка, які аддаў 351 мільён!

“Полацкі раён — 351 мільён падаткаў, гэта даходы з-за мяжы. Таксама было набыццё кватэры і дарагіх машын жыхаром Віцебска”, — прыгадваюць у падатковай Віцебскай вобласці.

Даходы яшчэ аднаго жыхара Віцебска перавышалі выдаткі на 70 мільёнаў, дадаюць у падатковай. Давялося заплаціць у казну 8,6 мільёна рублёў. Не так і шмат, калі маеш добрую кватэру і прышпільную машыну.

Плацяць толькі 12% з сумы расходаў, — упэўніваюць у Гомельскай падатковай, дзе злавілі дзяўчыну з дзвюма машынамі і кватэрай. І тлумачаць механізм налічэння “лішняга” падатку:

“Напрыклад, 50 мільёнаў каштуе машына і 50 мільёнаў — кватэра. Выдаткі — 100 мільёнаў. Напрыклад, даходаў нуль. Значыць, расходы не абкладзеныя падаткамі. З гэтых 100 мільёнаў падатак — 12%”. Са 100 мільёнаў рублёў атрымоўваем 12 мільёнаў падаткаў.

Звычайна неплацельшчыкаў ловяць на буйных пакупках, але бывае і такое, калі тыя знаходзяць “алібі”:

“Чалавек можа паказаць крыніцы, ад якіх у яго даходы, ці, напрыклад, гэта падарункі блізкіх сваякоў”.

Мільярдэр Аляксандр Саладуха ўпэўнівае Еўрарадыё, што плаціць падаткі “шмат і рэгулярна”. Пры гэтым ён чамусьці гаворыць не пра 12, а пра… 5% падатку.

Але нават пры 5% з мільярду, які спявак, паводле яго слоў, зарабіў сёлета, ён заплаціў 50 мільёнаў у бюджэт.

Фота: hwmn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі