Беларусь зноў ажыццявіла пастаўку партыі нафты з Азербайджана

Беларусь зноў ажыццявіла пастаўку партыі нафты з Азербайджана

Беларусь зноў ажыццявіла пастаўку партыі нафты з Азербайджана. Танкер з азербайджанскай нафтай, прызначанай для Мазырскага НПЗ, днямі прыбыў у Адэскі марскі порт, інфармуе БелаПАН.

На танкеры было 84,7 тысячы тон нафты. У Мазыр яе прывязуць чыгуначнымі цыстэрнамі. У прэс-службе канцэрна "Белнафтахім" БелаПАН адзначылі, што "тэхналагічная аснашчанасць [беларускага прадпрыемства] дазваляе перапрацоўваць розныя гатункі нафты". Таксама там падкрэслілі, што наша краіна "прапрацоўвае розныя варыянты паставак нафты ў сувязі з недазагрузкай беларускіх НПЗ расійскай сыравінай".

Як вядома, у трэцім квартале 2016 года Расія рэзка скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь. Прычынай такога рашэння сталі рознагалоссі па цане на газ. Калі ў першым квартале было пастаўлена 5,8 млн тон, у другім — 5,7 млн тон, дык у трэцім — 3,5 млн тон нафты. З-за гэтага беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы знізілі аб'ём выпуску нафтапрадуктаў.

У пачатку кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь вядзе перамовы аб пастаўках нафты з Іранам. Неўзабаве стала вядома, што Беларусь і Расія ўрэгулявалі канфлікт у нафтагазавай сферы. Мяркуецца, што Беларусь у чацвёртым квартале атрымае 5 млн тон нафты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі