Беларусам, асуджаным за "палітыку", не выдаюць копіі судовых дакументаў
Суд, ілюстрацыйнае фота
Беларусам, асуджаным па палітычных матывах, усё часцей не выдаюць копіі судовых пратаколаў і пастановаў, перадае Радыё "Свабода".
Тактыка асвятлення рэпрэсій змянілася з канца кастрычніка. Тэлеграм-каналы сілавікоў больш не публікуюць відэа з удзелам затрыманых апанентаў улады. У раскладах судоў сталі менш анансаваць разгляд спраў па палітычных матывах — як адміністрацыйных, так і крымінальных.
Адна з суразмоўніц расказала "Свабодзе", што на яе сяброўку ўвосень пачалі крымінальную справу за "абразу" Лукашэнкі (арт. 368 КК). Жанчына правяла некалькі дзён у ізалятары, а потым з яе ўзялі падпіску аб нявыездзе. Але на рукі не выдалі ніводнага дакумента — ні даведкі з ізалятара, ні пастановы аб прызнанні яе падазраванай у крымінальнай справе.
Іншая беларуска кажа, што яе асудзілі за падпіскі на "экстрэмісцкія" рэсурсы: прысудзілі "суткі", штраф, канфіскавалі тэлефон. Але не выдалі ні копію міліцэйскага пратаколу, ні пастанову суда аб прыцягненні да адказнасці. Цяпер яна нават не можа пры жаданні абскардзіць судовую пастанову.
Трэці суразмоўца расказвае, што ў падобнай сітуацыі некалькі разоў хадзіў у канцылярыю суда, каб атрымаць копію пастановы. Яе выдалі толькі пасля таго, як ён напісаў заяву.
Гэтыя сітуацыі журналістам пацвердзіў адзін з адвакатаў, які працуе ў Беларусі. Мужчына кажа, што яго кліенты, асуджаныя паводле "экстрэмісцкіх" артыкулау, таксама сутыкаліся з такой практыкай. На яго думку, такім чынам людзям перашкаджаюць абскардзіць судовае рашэнне. Таксама юрыст кажа, што ў ізалятарах "палітычным" не даюць асадкі і паперу, каб яны не пісалі скаргі.
Адвакат адзначае, што часам міліцыянты даюць затрыманым распісацца ў выдачы копіі пратакола аб затрыманні, але пры гэтым саму копію так і не аддаюць. "Папрасіць копію можна, але не факт, што яе дадуць. Не кожны затрыманы будзе спрачацца і патрабаваць нечага ў такой сытуацыі", — дадае юрыст. Ён раіць спрабаваць атрымаць пастанову суда ў судовай канцылярыі — там пакуль што гэта рэальна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.