Беларускага прэм'ера Румаса чакаюць у Маскве
Беларускага прэм'ер-міністра Сяргея Румаса чакаюць у Маскве. Як паведамляе БЕЛТА, на 11 сакавіка ў яго запланаваны працоўны візіт у Расію. У Румаса будуць перамовы з кіраўніком расійскага ўраду Міхаілам Мішусціным. Вядома толькі, што прэм'еры абмяркуюць "пытанні двухбаковага супрацоўніцтва". Сустрэча пройдзе ў "пашыраным складзе".
6 сакавіка Румас і Мішусцін размаўлялі па тэлефоне і дамовіліся пра гэтую сустрэчу. Яны тады абмеркавалі актуальныя пытанні ў дачыненнях Беларусі і Расіі, у тым ліку і "тэму інтэграцыйнага ўзаемадзеяння".
Румас пазнаёміўся з новым расійскім прэм'ерам Мішусціным у канцы студзеня ў Алматы. Ёсць версія, што бацька апошняга нарадзіўся ў беларускім Полацку, а пазней пераехаў у Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.