Беларускаму спадарожніку перашкаджае воблачнасць
А над адной і той жа тэрыторыяй спадарожнік пралятае раз на месяц. Таму міністэрствы лічаць, што краіне неабходны… кангламерат спадарожнікаў.
Першы беларускі спадарожнік "БКА" праз два-тры гады вычарпае свой рэсурс. Таму ўжо абмяркоўваюць яго паслядоўніка. Еўрарадыё пацікавілася ў міністэрстваў, ці сапраўды спадарожнік "БКА", як меркавалася, "аблягчае жыццё"?
Напрыклад, каб атрымаць аб'ектыўную карціну, МНС адных дадзеных беларускага спадарожніка мала.
“Касмічны маніторынг з’яўляецца агульнай часткай агульнай сістэмы маніторынгу, — распавядае прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі. — Інфармацыя са спадарожніка, інфармацыя па выніках авіяцыйнага маніторынгу, інфармацыя па дадзеных Гідрамета і інфармацыя, атрыманая ад наземных спецыялістаў. Яны разам фарміруюць сістэму маніторынгу".
За здымкі беларускага спадарожніка прапаноўваюць 0,5 долара за кіламетр
Па словах галоўнага метэаролага краіны Дзмітрыя Рабава, Рэспубліканскі гідраметэацэнтр карыстаецца дадзенымі еўрапейскіх спадарожнікаў, з якіх атрымлівае інфармацыю кожныя 15 хвілін:
"Можам узяць 10 апошніх здымкаў і паглядзець, з якой хуткасцю рухаецца цыклон. Дзякуючы гэтай інфармацыі, мы бачылі “Хаўер” практычна з моманту яго нараджэння, — распавядае Дзмітрый і кажа, што для аператыўнай працы здымкі "БКА" не падыходзяць. — Калі чыстае і бязвоблачнае неба, там нешта можна разгледзець. А калі ўвесь тыдзень воблачна — пра якую аператыўнасць можа ісці гаворка!?"
Фота італьянскага горада Ліворна, зробленага "БКА"
Пра праблему воблачнасці гаворыць і Яўген Бабіч з Міністэрства сельскай гаспадаркі. Маўляў, цяжка распазнаваць спадарожнікавыя здымкі. Таму, кажа спецыяліст, паслядоўнік "БКА" дапаможа адысці ад праблем высокай воблачнасці, а кангламерат спадарожнікаў увогуле дазволіць атрымліваць інфармацыю ў розныя перыяды часу незалежна ад метэаўмоваў.
У параўнанні з французскімі спадарожнікамі, здымкамі якіх карыстаюцца ў Мінсельгасе, беларускі “БКА” там называюць больш дакладным. Але зноў воблачнасць!
“Да прыкладу, у чэрвені-ліпені нам трэба атрымаць аб’ектыўную карціну па азотным галаданні кукурузы. Дзе яе трэба падкарміць, да прыкладу. І вось у гэты момант, нават калі зараз паглядзець, у нас суцэльная воблачнасць. То бок, калі ў гэты момант будзе пралятаць наш спадарожнік, то ён апроч гэтай воблачнасці нічога не здыме. Атрымаюцца ўчасткі абрыўкамі", — кажа Яўген.
Да таго ж, здымкі спадарожніка нават найлепшай якасці саступаюць інфармацыі ад беспілотнай авіяцыі:
"Калі браць, напрыклад, адну гаспадарку, у якой трэба ўнесці фосфарныя ці азотныя ўгнаенні, то на сёння любых спадарожнікаў будзе мала, бо вельмі вялікая хібнасць здымкаў. Там патрэбны разлік да сантыметраў. А дакладная карціна — гэта беспілотная авіяцыя".
Для каго працуе беларускі спадарожнік
Бразілія, рака Уругвай. Фота "БКА"
У Міністэрстве лясной гаспадаркі за "сувязь з космасам" адказвае прадпрыемства Белдзяржлес, якое ацэньвае матэрыяльныя страты, нанесеныя пажарамі.
"Цяпер, напрыклад, пажаранебяспечны сезон, — распавядае Міхаіл Іллючык, кіраўнік аддзела прыёму і апрацоўкі касмічнай інфармацыі. — Таму замовы з беларускага спадарожніка накіраваныя на тое, каб атрымліваць інфармацыю па тэрыторыях, дзе былі пашкоджаныя насаджэнні ад пажараў".
Міхаіл Іллючык тлумачыць, што над адной і той жа тэрыторыяй беларускі спадарожнік пралятае раз на месяц. Адпаведна, калі будзе воблачна, здымак пашкоджанай тэрыторыі, зроблены "БКА", будзе з хібамі, а наступнага давядзецца чакаць некалькі тыдняў. Ды і не факт, што ён будзе той якасці, якая дазволіць ацаніць урон. Таму, натуральна, без інфармацыі замежных спадарожнікаў тут не абысціся. Аднак якасць здымкаў "БКА" спецыялістаў цалкам задавальняе.
Самае добрае у спадарожніку для міністэрстваў — бясплатныя здымкі! Дарэчы, ужо вядома, што ў адрозненне ад "БКА", новы спадарожнік будзе мець больш моцнае разрашэнне здымкаў (менш за метр) з высокай ступенню дэталізацыі. Мяркуецца, што ён будзе выкарыстоўвацца не толькі ва ўнутраных мэтах, але і ў камерцыйных. Па інфармацыі "Геаінфармацыйных сістэм", "БКА" не толькі акупіў сабекошт у 16 мільёнаў долараў, але і зарабіў зверху 9 мільёнаў. Незразумела толькі, на чым.
Загалоўнае фота: www.wildlife.by, gis.by