Беларускі амбасадар у Нідэрландах абверг інтэрв'ю мясцоваму тэлеканалу

Беларускі амбасадар у Нідэрландах абверг інтэрв'ю мясцоваму тэлеканалу

Амбасадар Беларусі ў Нідэрландах Андрэй Еўдачэнка абверг сваё інтэрв'ю, паказанае адным з нідэрландскіх тэлеканалаў. Дыпламат заявіў, што яго адказы былі пастаўленыя пад іншыя пытанні. Заяву Еўдачэнкі паказалі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".

Амбасадар паведаміў, што здымкі занялі каля трох гадзін, яго адказы — прыкладна 1 гадзіну 20 хвілін. 

"У адпаведнасці з нашай дамоўленасцю ў вечаровым эфіры павінна было выйсці поўнамаштабнае 20-хвіліннае інтэрв'ю без якіх-небудзь уставак, перапынкаў або інтэрпрэтацый. У выніку тое, што выйшла на экраны, вельмі моцна расчаравала. Фактычна мяне выкарыстоўвалі як шырму для іх уласнай праграмы. Я з'яўляюся на экране толькі тры разы, у суме гэта прыкладна 30 секундаў", — пракаментаваў Еўдачэнка. 

Ён заявіў, што яго адказ "Я падпарадкуюся волі беларускага народа" гучаў зусім не на тое пытанне, як гэта падаў канал. У сюжэце нідэрландскага тэлеканала гэтыя словы гучаць у адказ на пытанне: "Калі большасць насельніцтва Беларусі ўсё ж захоча адстаўкі прэзідэнта?".

Еўдачэнка сцвярджае, што ўсё было інакш: "Гэты адказ быў на прамое пытанне: "А вы, спадар амбасадар, з'едзеце з краіны знаходжання назад дадому, калі гэтага запатрабуе беларускі народ?" Я адказаў, што падпарадкуюся волі беларускага народа".

Акрамя таго, у сваім інтэрв'ю амбасадар выступіў за дыялог паміж рознымі палітычнымі сіламі ў краіне, асудзіў гвалт з боку сілавікоў. Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што Святлана Ціханоўская не пасуе на ролю лідара краіны.

Цяпер дыпламат паведаміў, што напісаў у рэдакцыю і звярнуў увагу "на ангажаванасць і безадказнасць" журналіста.

Раней гвалт з боку сілавікоў асудзілі некалькі беларускіх амбасадараў — напрыклад, пасол (ужо былы) у Славакіі Ігар Ляшчэня

Андрэй Еўдачэнка да нядаўняга часу быў намеснікам міністра замежных спраў. Амбасадарам Беларусі ў Нідэрландах ён быў прызначаны летам 2020-га. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі