Беленькі: Беларусы прагматычныя, для зменаў мусяць адчуць момант (відэа)

Падчас сёлетняга шэсця на “Дзяды” 2 лістапада прыйшло значна менш людзей, чым было дазволена праваахоўнікамі. Паводле версіі арганізатара Юрыя Беленькага, у шэсці паўдзельнічалі да 1000 чалавек. Алесь Мазанік, які вёў калону, налічыў да 500 чалавек, некаторыя людзі ― некалькі соцень.

Падчас мемарыяльнага мітынгу ва ўрочышчы Курапаты, куды калона па абедзе дайшла ад гадзіннікавага завода “Прамень”, зачыталі зварот Зянона Пазняка, якога прадстаўнікі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ назвалі “лідарам беларускай нацыі”.

У звароце лідар беларускай апазіцыі 1990-х узгадаў усіх забітых у Курапатах.

“Усе ахвяры ― гэта вынік вайны з варварскім усходам ― так зачытвалі словы Пазняка. ― А вайна вядзецца і сёння знішчэннем мовы, вёскі, нацыянальнай культуры…”

У такім жа ключы пра “знішчэнне беларускай нацыі расійскім фашызмам” апавядаў Юрый Беленькі, намеснік Зянона Пазняка. Праўда, ён даў прыкурыць яшчэ і мітрапаліту Беларускай праваслаўнай царквы Паўлу, які з’яўляецца этнічным расіянінам і аднойчы на відэа абяцаў Захаду ў выпадку чаго “адкруціць чарнобыльскі кранік”.

Як арганізатар, Юрый Беленькі застаўся задаволены “Дзядамі-2014”. А на пытанне пра невялікую колькасць мітынгоўцаў аргументаваў, што нашы людзі прагматычныя і не жадаюць, каб іх здымалі на камеры:

Юрый Беленькі: “Людзі на сёння адчуваюць сітуацыю, што калі ён прыйдзе, то можа мець нейкія праблемы. Людзі мусяць адчуць вось гэты момант, як 30 кастрычніка 1988 года (адбылося першае масавае шэсце ў Курапаты, якое паспрабавала разагнаць міліцыя, але мітынг усё ж быў праведзены, ― Еўрарадыё). Людзі выйшлі на плошчу Незалежнасці і ў 1991 годзе, 100 тысяч чалавек падтрымалі нас. І мы прынялі шэраг законапраектаў, якія потым дапамаглі адбудаваць незалежную дзяржаву”.

Нагадаем, што Курапаты сталі ў канцы 80-х і пачатку 90-х адным з сімвалаў беларускага суверэнітэту. Падчас сталінскіх рэпрэсій гэта было адно з месцаў, дзе масава расстрэльвалі звычайных людзей. Колькасць забітых можа складаць па розных ацэнках ад сямі да некалькіх соцень тысяч чалавек. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі