“Белфармацыя” збіралася закупіць вакцыну “Эўпента” і ў 2018 годзе?

Упакоўка вакцыны Eupenta. Фота: www.koreaherald.com
Упакоўка вакцыны Eupenta. Фота: www.koreaherald.com

"Белфармацыя" збіралася закупіць вакцыну "Эўпента" і ў 2018 годзе. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла крыніца ў сферы цэнтралізаваных дзяржаўных закупак лекавых сродкаў. Аналагічную выснову можна зрабіць, прааналізаваўшы дакументы аб правядзенні аднаго з электронных аўкцыёнаў на сайце ААТ "Беларуская універсальная таварная біржа".

У 2017 годзе, калі "Белфармацыя" закупіла першыя 200 тысяч доз "Эўпенты", яна фігуравала ў дакументах пад міжнароднай непатэнтаванай назвай "Вакцына для прафілактыкі дыфтэрыі, слупняка, коклюшу, гепатыту B, інфекцыі, выкліканай Haemophilus influenza тып b". Дарэчы, у выніковай справаздачы аб закупках лекаў у 2017 годзе чорным па белым напісана, што Eupenta — незарэгістраваны лекавы сродак. Дакумент знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце "Белфармацыі"

“Белфармация” собиралась закупить вакцину “Эупента” и в 2018 году?

З дакумента вынікае, што Міністэрства аховы здароўя выдаткавала на паўднёвакарэйскую вакцыну 276 тысяч долараў. Літара "І" ў другім слупку табліцы азначае закупку з адной крыніцы. Сайт "Ежедневник" паведамляе, што права на такую ​​закупку "Белфармацыя" атрымала пасля таго, як было прызнана, што два аўкцыёны па закупцы вакцыны не адбыліся.

Улетку 2018 году на сайце "Беларускай універсальнай таварнай біржы" павінен быў прайсці яшчэ адзін электронны аўкцыён. Забягаючы наперад — ён таксама быў прызнаны несапраўдным, а камісія, якая разглядала прапановы, парэкамендавала правесці закупку з адной крыніцы.

Прадмет закупкі — ужо знаёмая нам "Вакцына для прафілактыкі дыфтэрыі, слупняка, коклюшу, гепатыту B, інфекцыі, выкліканай Haemophilus influenza тып b". Па правілах, лот падзелены на дзве часткі: у адной 5500 доз, у другой — 104500 доз. Разам — 110 тысяч доз вакцыны, на якую чыноўнікі гатовы былі выдаткаваць у суме 308,8 тысяч рублёў з бюджэту (амаль $150 тысяч). З папраўкай на курсавыя розніцы, цана вакцыны супадае з коштам "Эўпенты", закупленай год таму.

Яшчэ адна дэталь: адзін з патэнцыйных удзельнікаў аўкцыёну просіць перанесці яго на больш позні тэрмін. Просьба аргументуецца так: "Для падрыхтоўкі дакументаў для падачы прапановы на незарэгістраваныя ЛС [лекавыя сродкі. — Еўрарадыё] патрабуецца дадатковы час".

31 ліпеня аўкцыён прызнаецца неадбыўшымся — абодва ўдзельнікі не дапускаюцца да яго на падставе таго, што "прапанаваны ўдзельнікамі да пастаўкі лекавы сродак не адпавядае прадмету закупкі ў частцы лекавай формы". Камісія, спасылаючыся на Пералік выпадкаў ажыццяўлення дзяржаўных закупак з прымяненнем працэдуры закупкі з адной крыніцы і на ўказ Аляксандра Лукашэнкі "Аб некаторых пытаннях дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг)" ад 31.12.2013 №590 рэкамендуе арганізатару правесці працэдуру закупкі з адной крыніцы.

“Белфармация” собиралась закупить вакцину “Эупента” и в 2018 году?

Паглядзець на вынікі гэтай закупкі вельмі цікава. Пакуль што яны невядомыя — хутчэй за ўсё, яе яшчэ не паспелі правесці. Затое вядома, што 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне пасля планавай прышчэпкі памёр двухмесячны хлопчык. Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ў дзіцяці развілася анафілактычная рэакцыя. Таксама ў ведамстве распавялі, што загінуламу хлопчыку ўвялі дзве вакцыны, адна з якіх — "Эўпента" (вытворчасць LG Chem. Ltd, Паўднёвая Карэя), а другая — "Імавакс Поліа" (вытворчасць Sanofi Pasteur S.A., Францыя).

Фармальна вакцына поліаміелітная інактываваная "Імавакс Поліа" таксама знаходзіцца пад падазрэннем — чыноўнікі паведамляюць, што спецыялісты з Sanofi Pasteur аналізуюць інфармацыю па ёй у штаб-кватэры кампаніі. Вынікі аналізу паступяць у Беларусь у верасні. Закупка "Імавакс Поліа" таксама ажыццяўлялася з адной крыніцы — на вакцыну было выдаткавана амаль 2,5 млн еўра. Аднак, у адрозненне ад "Эўпенты", гэты лекавы сродак зарэгістраваны ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі