Без Білета. "Звезда"
Гурт на чале з Віталём Артыстам запісаў пяты студыйны альбом.
Нарэшце свету заззяла чаканая “Звезда” ад “Без Білета”. Для яе з’яўлення гурт мусіў на пэўны час знікнуць з музычных даляглядаў, а Віталь Артыст – затачыцца ва ўласнай студыі, засяродзіцца на новых ідэях і не даваць інтэрв’ю. Альбом “Звезда” традыцыйна стаў любімым для Віталіка: новы! Выкананы ён ва ўласным стылі “Без Білета” smart pop, што азначае “разумная і прыгожая папулярная музыка” ці проста – дыска, але, безумоўна, разумнае і прыгожае.
За свае 12 гадоў, “Без Білета” амаль ніколі не стаялі на месцы: Віталік тусаваў не толькі музыкаў, але і музыку. У выніку гурт закрануў і народную песню, і стаў аўтарам незалежнага гімна сучаснай Беларусі “Мая краіна – Беларусь”, і прайшоўся па суме ў духу Radiohead, і стварыў сваё “Кіно”. Аднак апошнія два гады Віталік стаў выглядаць цалкам прасвятлённым. І музыка яго практычна пазбавілася інды-дзебраў. На іх месца прыйшлі танцавальныя рытмы, пазітыўныя вібрацыі і прыпевы кшталту “О-о, Афрыка-у-а”. Праўда, з альбомам “Звезда” “Без Білета” на чале з Віталём Артыстам рушылі яшчэ далей.
Гітарныя рыфы замянілі лёгкія гукі і мелодыі сінтэзатараў. Музыка стала яшчэ больш рытмічнай, дынамічнай, празрыстай, адсюль і сонечнай. Калі ў мінулым альбоме “Африка” мы сумна малявалі сабе карцінкі цёплых краін, “аранжавых берагоў” і вечаровых фіест, то дзякуючы “Звезде”, мы адчуваем сябе сапраўдным касмапалітамі. Людзьмі свету і сябрамі Юрыя Гагарына. Праўда, незалежна ад дэнсавых і, пераважна, мажорных настрояў, Віталік прымушае нас задумацца пра тое, чаму “вечно живые молча курят в Раю”, зразумець, што “то, что тебе нужней, то и произойдёт” і чаму не варта “быть как все”. Калі музычная тканіна “Без Білета” стала больш павуцінневай, лёгкай і рытмічнай, то змест песень паглыбеў. Нягледзячы на “Байконур 66”, Рыа, каньёны, варон і зямлян. Віталь нарэшце перастаў мудрыць і навучыўся выказваць свае думкі проста.
У музычным плане “Без Білета” зрабіліся таксама больш простымі, мілымі, меладычнымі, папулярнымі і зразумелымі. Яны не сталі ні горшымі, ні лепшымі. Проста іншымі. Проста ў гурта, што цешыць, нармальным чынам адбываецца працэс развіцця. Віталь блізкі да модных тэндэнцый. Аднак пры гэтым трымае марку і ідзе выключна сваім шляхам. Я веру ў “Звезду” Віталя Артыста і “Без Білета”.
P.S. Cпампаваць альбом у добрай якасці і падзякаваць музыкам можна на старонцы www.thankyou.ru