БХД: на праймерыз правацэнтрыстаў выстаўляем Паўла Севярынца
Аргкамітэт партыі БХД перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года прыме ўдзел у праймерыз правацэнтрысцкай кааліцыі. На праймерыз будзе выбраны адзіны кандыдат ад кааліцыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце партыі.
"У якасці партыйнага кандыдата для ўдзелу ў праймерыз БХД вылучае Паўла Севярынца", — паведамляе прэс-служба БХД са спасылкай на рашэнне сваёй Нацыянальнай Рады.
Цікава, што некалькі дзён таму пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заявіла яшчэ адна сустаршыня БХД — Вольга Кавалькова. Дарэчы, на парламенцкія выбары яна вылучалася ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
Пра жаданне балатавацца на вышэйшую службовую пасаду паведамілі ўжо таксама Аляксандр Лукашэнка, старшыня ТБМ Алена Анісім, сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч, кіраўнік Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, лідар АГП Мікалай Казлоў, былы памочнік дэпутаткі Канапацкай Дзяніс Ціханенка і "суворы беларус" Віталь Зялкоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.