Біяметрыя, бяспека, тэрарызм: за што ЗША хоча абмежаваць уезд беларусам

Амерыканская віза / Еўрарадыё
Амерыканская віза / Еўрарадыё

ЗША плануе ўвесці новыя абмежаванні на візы для падарожнікаў і імігрантаў. У "чорны спіс" трапілі Эрытрэя, Кыргызстан, М'янма, Нігерыя, Судан, Танзанія і... Беларусь!
 

Што аб'ядноўвае нас з гэтымі краінамі?

Канкрэтна да Беларусі Белы дом прэтэнзій не высоўвае. Аднак вядомыя прынцыпы, па якіх фармуецца спіс: невыкананне патрабаванняў бяспекі, адсутнасць біяметрычных звестак, недастаткова інтэнсіўны абмен інфармацыяй з ЗША і недастатковыя меры па барацьбе з тэрарызмам.

Першапачаткова краіны, у дачыненні да якіх Трамп увёў візавыя санкцыі, мелі яшчэ адну адметную адзнаку: у іх пераважалі мусульмане. Аднак пасля абвінавачванняў у рэлігійнай нецярпімасці спіс падкарэктавалі. А ў новых кандыдатах на візавыя абмежаванні мусульмане не складаюць большасць.

Яшчэ адзін крытэрый — колькасць пратэрмінаваных віз. Па звестках Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША, у 2018 годзе даўжэй прадугледжанага тэрміну заставаліся ў краіне 24% эрытрэйцаў, 15% нігерыйцаў і 12% грамадзян Судана. Па беларусах такой статыстыкі няма.
 

Дык што, грамадзянам Беларусі забароняць атрымліваць амерыканскія візы?

Не зусім. Прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта ЗША заявілі, што грамадзяне краін, якія ўключаны ў "спіс Трампа", не абавязкова сутыкнуцца з агульнай забаронай на паездкі ў ЗША. Забарона можа быць частковая. Гэта значыць, беларусам могуць абмежаваць выдачу пэўных тыпаў віз. Напрыклад, дзелавых або гасцявых. Абмежаванні могуць закрануць таксама выдачы грын-картак. Пра гэта паведамляе Wall Street Journal.

Што да грын-картак. Дональд Трамп заклікаў у прынцыпе спыніць гэтую праграму, заявіўшы, што яна дазваляе непажаданым людзям уязджаць у ЗША. Ён прапанаваў замест гэтага пераарыентаваць наяўную візавую сістэму на кваліфікаваных работнікаў.
 

А хто ўжо ў "чорным спісе"?

Кампанія слаўная. Цяпер абмежаванні дзейнічаюць для грамадзян Ірана, Лівіі, Самалі, Сірыі, Емена і Паўночнай Карэі, а таксама для палітычных чыноўнікаў з Венесуэлы.
 

Гэтыя абмежаванні — назаўжды?

Не. Але адзіная краіна, якую спачатку ўключылі ў "чорны спіс", а потым прыбралі з яго, — гэта Чад. Ён быў у самым першым спісе і пакінуў яго ў красавіку 2018 года.

Грамадзяне краін, занесеных у спіс, могуць у індывідуальным парадку настойваць на атрыманні амерыканскай візы. Але паспяховых прэцэдэнтаў пакуль не было.

Пакуль Дональд Трамп застаецца прэзідэнтам ЗША, спіс наўрад ці адменяць цалкам. Прадстаўнік Белага дома Хоган Гідлі ў каментары для New York Times расказаў, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША лічыць забарону "надзвычай паспяховай" у абароне амерыканскіх інтарэсаў.

Ён адзначыў, што АП не планавала ніякіх заяў, якія датычацца забароны.

"Здаровы розум і нацыянальная бяспека дыктуюць, што, калі краіна хоча ў поўнай меры ўдзельнічаць у іміграцыйных праграмах ЗША, яна таксама павінна выконваць усе меры бяспекі і барацьбы з тэрарызмам, — сказаў Гідлі. — Мы не хочам імпартаваць тэрарызм або любую іншую пагрозу нацыянальнай бяспецы ў Злучаныя Штаты".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі