Борыс Джонсан можа зрабіцца генеральным сакратаром NATO — The Telegraph

Борыс Джонсан / Reuters
Борыс Джонсан / Reuters

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, які ў найбліжэйшы час пакіне свой пост, можа зрабіцца наступным генеральным сакратаром NATO. Пра гэта піша аўтарытэтнае брытанскае выданне The Telegraph. Яго вылучэнне падтрымліваюць ў парламенце. У прыватнасці, "за" выказаліся чальцы Камітэта па абароне Рычард Дракс і Марк Франсуа, а таксама былы міністр па выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрапейскага Саюза Дэвід Джонс. Акрамя таго, мяркуе выданне, Джонсан можа атрымаць падтрымку з боку ЗША і Украіны.

Іншыя суразмоўцы The Telegraph мяркуюць, што пастанову аб прызначэнні Джонсана генсекам Альянсу можа заблакаваць прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. У Джонсана і Макрона —  нацягнутыя адносіны.

"Рэальнасць такая, што прадстаўнікі NATO прызначаюцца аднагалосным рашэннем. Любая краіна можа накласці вета. Як вы лічыце, прэзідэнт Макрон высунуў бы Борыса Джонсана на пасаду генеральнага сакратара NATO?.. Неабходна, каб ЗША падтрымалі цябе, а французы сказалі "так", — заўважыў чыноўнік брытанскага Мінабароны, які пажадаў захаваць ананімнасць.

Паўнамоцтвы дзейнага генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга заканчваюцца ў верасні 2022 года. Борыс Джонсан будзе выконваць абавязкі прэм'ера Вялікабрытаніі і лідара Кансерватыўнай партыі, пакуль не абяруць новага лідара партыі. Гэта павінна адбыцца 5 верасня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі