"Брэксіт": Брытанія апошні дзень знаходзіцца ў Еўрасаюзе
Вялікабрытанія апошні дзень знаходзіцца ў складзе Еўрасаюза. Апоўначы з 31 студзеня на 1 лютага паводле цэнтральнаеўрапейскага часу Брытанія выйдзе з ЕС, перадае Бі-Бі-Сі.
Працэс выхаду Брытаніі з ЕС зацягнуўся на тры з паловай гады. Але пасля перамогі Кансерватыўнай партыі на чале з Борысам Джонсанам на датэрміновых парламенцкіх выбарах новы склад парламента хутка і без лішніх спрэчак зацвердзіў умовы выхаду з Еўрасаюза. 24 студзеня Джонсан і кіраўнікі Еўрасавета і Еўракамісіі падпісалі пагадненне пра выхад Брытаніі з ЕС.
Увечары 31 студзеня ў Лондане будуць святкаваць "брэксіт". У цэнтры Лондана зладзяць святочную ілюмінацыю, Борыс Джонсан выступіць са зваротам да народу. У гонар "брэксіту" Каралеўскі манетны двор выпусціць у абарачэнне памятную манету ў 50 пенсаў. На ёй будзе надпіс "Мір, росквіт і сяброўства з усімі народамі", а на рэверсе — дата "31 студзеня 2020".
Да канца 2020 года ў адносінах Брытаніі і Еўрасаюза працягнецца пераходны перыяд. На гэты час у ранейшым выглядзе застануцца гандаль, перасячэнне мяжы ды іншае.
Але цяпер калі Брытанія захоча зноў стаць чальцом ЕС, ёй давядзецца прайсці ад пачатку ўвесь шлях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.