Брытанская паліцыя паведаміла, чым атруцілі расійскага перабежчыка
Былы палкоўнік расійскага ГРУ Сяргей Скрыпаль быў атручаны рэчывам нервова-паралітычнага дзеяння. Пра гэта, паводле інфармацыі Бі-Бі-Сі, паведаміла брытанская паліцыя.
Кіраўнік Контртэрарыстычнага падраздзялення Скотленд-Ярда Марк Роўлі падкрэсліў, што ўлады ведаюць, што гэта за рэчыва, але не называюць яго ў інтарэсах следства. Брытанскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы дадаюць, што Скрыпаля атруцілі "вельмі рэдкім рэчывам, якое вырабляюць толькі некалькі лабараторый ў свеце".
Нагадаем, што здарэнне адбылося ў нядзелю ў гіпермаркеце ў брытанскім горадзе Солсберы. Атручаныя былі перабежчык з ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка. Пасля інцыдэнту будынак гіпермаркета быў зачынены, у ім працавалі спецыялісты ў касцюмах хімічнай абароны.
У паліцыі кажуць, што афіцэр, які прыбыў на месца неўзабаве пасля выяўлення Скрыпаля і яго дачкі, таксама знаходзіцца ў цяжкім стане ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі.
У Лондане на пасяджэнне сабраўся ўрадавы камітэт COBRA, які каардынуе дзеянні ўладаў у надзвычайных сітуацыях (Cabinet Office Briefing Room A, скарочана COBRA). Пасяджэнне было звязанае з атручэннем расійскага перабежчыка. Эксперты мяркуюць, што гэты інцыдэнт можа прывесці да дыпламатычнага крызісу паміж Лонданам і Масквой.