Будаўніцтва завода для беларускай вакцыны ад кавіду спынілі — "Белыя халаты"
Вакцына, ілюстрацыйнае фота
Будаўніцтва завода для вытворчасці беларускай вакцыны ад кавіду спынілі, піша тг-канал "Белыя халаты".
Завод будаваўся ў рамках праекта па рэканструкцыі прадпрыемства "БелВітУніфарм" (Віцебская вобласць, вёска Доўжа). Паведамляецца, што пасля будаўніцтва першай лініі працэс спыніўся, бо скончылася фінансаванне.
Пра саму вакцыну медыкі дагэтуль ведаюць няшмат. "Вялікая верагоднасць, што прайшоў толькі другі этап клінічных выпрабаванняў, прычым адбываўся ён у атмасферы сакрэтнасці. Галоўны санітарны лекар пры гэтым "плавае" , калі яго просяць растлумачыць, што адбываецца насамрэч. Апошняя яго версія —вынікі даследаванняў будуць гатовыя да сярэдзіны года", — пішуць "Белыя халаты".
Пры гэтым медыкі падкрэсліваюць, што ўдзельнікаў, якім уводзілі гэтыя вакцыны, прэвентыўна шпіталізавалі. Па іх словах, такіх мераў перасцярогі нідзе ніколі не прымаюць пры выпрабаванні вакцын.
Таксама паведамляецца, што на вынаходніцтва "таго, што ўжо даўно вынайдзена" Беларусь ужо вылучыла больш за 30 мільёнаў долараў. "Белыя халаты" нагадваюць, што "БелВітУніфарм" спецыялізуецца на вытворчасці ветпрэпаратаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.