Будзімір выставіць патрабаванні і да ўлады, і да апазіцыі?
Такія парады даў блогеру-галадоўніку грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч.
Галадоўку абвесціў вядомы блогер Будзімір. Ён патрабуе вызвалення палітычных вязняў.
"Не магу па-ранейшаму пасіўна назіраць за палітычным бязмежжам у маёй краіне, абмяжоўваючыся пстрыканнем дзюбай у жэжэ", — тлумачыць budimir у сваім блогу.
Паводле слоў Будзіміра, ён спадзяецца, што яго акцыя стане дадатковым фактарам "ціску на рэжым, на грамадства і на апазіцыю". Блогер кажа, што на абвяшчэнне галадоўкі яго падштурхнуў адзін з нядаўніх прысудаў па справе аб "масавых беспарадках":
Будзімір: "Апошняй кропляй стала, відаць, асуджэнне Мікіты Ліхавіда. Шмат было прысудаў, але гэты напэўна самы адыёзны... Узнікла патрэбнасць нейкага радыкальнага кроку".
Будзімір прызнае, што галадоўка можа стаць для яго цяжкім выпрабаваннем, бо досведу ўдзелу ў такіх акцыях ён не мае. У другі дзень галадоўкі ён думае "перафармулёўку патрабаванняў", каб яны былі "больш выканальныя". Таксама паўстала пытанне пра "неабходнасць зрабіць галадоўку больш публічнай".
Парады галадоўніку даваў вядомы грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч. Нагадаем, што ўвосень 2006 года ён удзельнічаў у пасце-галадоўцы пратэстантаў, якая скончылася перамогай. Вернікі тады адстойвалі права на свой храм. Мацкевіч перасцерагае, што галадоўка — вельмі сур'ёзны крок.
Мацкевіч: "Галадоўка — гэта сродак. І тут пытанне да таго, хто выкарыстоўвае сродак: "Дзеля чаго вы гэта робіце?". Любы інструмент ён прыдатны для адпаведных нейкіх мэтаў і зусім не прыдатны для другіх. Калі гэта, каб выказаць салідарнасць з палітвязнямі, то галадоўка — гэта не той сродак. Бо гэта не галадоўка, а пост ці проста прыпыненне прыёму ежы на пэўны час. А калі абвяшчаецца галадоўка, тады вылучаюцца патрабаванні чагось дасягнуць. Гэта прымус кагосьці зрабіць тое, што патрабуе галадоўшчык, або памерці. Вось тады — гэта галадоўка, а ўсё астатняе — гэта хутчэй піяраўскія акцыі".
Мацкевіч сустрэўся з Будзімірам пасля пачатку галадоўкі і пракансультаваў галадоўніка
Мацкевіч: "Я ўпэўніўся, што ён робіць гэта сур'ёзна, таму і раіў яму падумаць пра тое, што ён можа патрабаваць выканальнага — справядлівы суд. Па-другое, каб змянілі меру стрымання, бо ніхто зараз, хто сядзіць і пакутуе за кратамі, не з'яўляецца маньякам, небяспечнай асобай, тэрарыстам ці некім яшчэ. Ніякай неабходнасці трымаць іх за кратамі няма. Гэта можна патрабаваць і на гэта можна пайсці, а потым трэба патрабаваць справядлівага суда".
Па словах аналітыка, дзеянні Будзіміра выкліканыя роспаччу. Праз 100 дзён пасля пачатку масавых рэпрэсій у краіне ніхто не можа нічога зрабіць, каб спыніць гэтую несправядлівасць і каб палітвязні апынуліся на свабодзе.
Мацкевіч: "Так я зразумеў з таго, што мы абмяркоўвалі са Зміцерам. Ён не давярае гэтым людзям, якія за 100 дзён нічога не зрабілі, гэта тычыцца мяне самога - ўсіх нас. Мы толькі гаворым, што палітвязняў трэба вызваліць, скардзімся на Захад, скардзімся адзін аднаму, а мы нічога не робім для гэтага".
Таму Мацкевіч параіў галадоўніку звярнуцца не толькі да ўладаў, але і да дэмакратычнай супольнасці. Маўляў, апазіцыя павінна аб'яднацца, каб вызваліць палітвязняў і дамагчыся, каб такая сітуацыя ў краіне больш не паўтаралася.