Бяляцкі: Нельга паляпшаць адносіны з краінамі, дзе парушаюць правы людзей

У Рызе на Форуме грамадзянскай супольнасці, які пачаў працу 20 траўня ў межах саміту Усходняга партнёрства, выступіў беларускі праваабаронца, былы палітвязень Алесь Бяляцкі. Паводле яго слоў, краіны-сябры Усходняга партнёрства падзяліліся на тых, хто відавочна хоча ўвайсці ў склад Еўрасаюза і тых, хто такога жадання не толькі не праяўляе, але і дэманструе нежаданне прымаць дэмакратычныя каштоўнасці. Асабліва гэта тычыцца Беларусі і Азербайджана. Тым не менш, ЕС не спыняе супрацоўніцтва з таталітарнымі рэжымамі гэтых краін, што не дапушчальна, заявіў Бяляцкі.

Бяляцкі: “Адносіны ўладаў да грамадзянскай супольнасці ў нашых краінах з’яўляецца добрым маркерам. І калі ў турме знаходзяцца палітвязні, як у Беларусі і Азербайджане, калі абмяжоўваецца прэса і заціскаецца інтэрнэт, як у нашых краінах, калі пераследуюцца грамадзянскія актывісты і няўрадавыя арганізацыі, калі праводзяцца не свабодныя выбары, як у Беларусі і Азербайджане, то трэба рабіць ясныя і зразумелыя высновы. І трэба дамагацца пазітыўных зменаў у нашых краінах не праз заігрыванне з аўтарытарнымі ўладамі і не праз фінансаванне, якое ўмацоўвае гэтыя рэжымы, а праз падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў нашых краінах”.

Бяляцкі выказвае ўпэўненасць: нельга ставіць плюсы і ісці на паляпшэнне адносінаў з тымі краінамі, у якіх сітуацыя з правамі чалавека не паляпшаецца, ці, як у Азербайджане, толькі становіцца ўсё горш. А ініцыятыва Усходняе партнёрства не павінна ператварацца ў механізм аўтарытарных рэжымаў праз фінансаванне розных праектаў з удзелам уладаў. Ініцыятыва павінна стаць інструментам абароны дэмакратычных каштоўнасцяў і падтрымкі “тых слаёў грамадзянскай супольнасці, якія падтрымліваюць гэтыя каштоўнасці”, упэўнены Бяляцкі.

Здымак з архіву. Фота: spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі