Бязвізавы рэжым у Беларусі могуць павялічыць з 5 да 12-14 дзён
Бязвізавы рэжым у Беларусі могуць павялічыць з 5 да 12-14 дзён. Рашэнне наконт тэрміну будзе прымацца з улікам эфекту ад дзейнасці новаўвядзення. Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі заявіў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык. Паводле яго слоў, пакуль ідзе аналіз і рашэнне яшчэ не прынятае.
Як вядома, пяцідзённы бязвізавы рэжым у Беларусі для грамадзян 80 краін свету дзейнічае з 12 лютага. Замежнікі павінны ўязджаць у нашу краіну праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Мяркуецца, што пасля ўдасканалення рэжыму бязвізавага ўезду гэтая ўмова застанецца.
Па словах Дзмітрыя Мірончыка, бязвізавым рэжымам скарысталася ўжо 465 замежных грамадзян. Ён называе гэта "добрым вынікам". Першае месца дзеляць немцы і палякі, далей — італьянцы і літоўцы.