Цэнтру Мінска па-ранейшаму пагражаюць залевы
Будаўніцтва калектара "Цэнтр" у сталіцы прыпынена. Новая "ліўнёўка" мусіла зберагчы вуліцы ад затапленняў.
Цяпер вырашана перагледзець план будаўніцтва дадатковай лініі калектара, паведамляюць "Мінск-навіны".
Як заявіў галоўны інжынер "Мінскінжпраекта" Уладзімір Котаў, гэта будзе зроблена, каб знізіць выдаткі на будаўніцтва калектара і агульнай сістэмы ачысткі.
Беларускія эксперты вывучылі досвед іншых краін і выявілі, што ў Варшаве таксама існавала праблема старых калектараў і ачысткі сцёкавай вады. Перад будаўніцтвам новай сістэмы каналізацыі, палякі вызначылі, што прамысловыя прадпрыемствы забруджваюць стокі ў дзесяць разоў больш, чым жылыя раёны. Таму беларускія спецыялісты вырашылі, што ў Мінску таксама неабходна выявіць самыя небяспечныя крыніцы забруджвання і ўсталяваць там лакальныя ачышчальныя збудаванні. А дзе магчыма, будуць скідаць ваду без ачысткі. Гэта дазволіць зменшыць выдаткі на будаўніцтва калектара "Цэнтр" і агульнай сістэмы ачысткі.
Фота — minsknews.by