Чалы: Мне цікавая перспектыва будучыні, але Лукашэнка намаляваць яе не можа

Прэс-канферэнцыю Аляксандр Лукашэнка пачынае ўступным словам, падчас якога ўзгадвае пра эканамічныя праблемы ў краіне:

"Вінаватыя падзеі ва Украіне і абвал у Расіі... Санкцыі супраць Расіі і санкцыі ў адказ... Дзейнічалі як умеем і хутка. Правялі пэўныя мерапрыемствы, пра якія вы ведаеце... Робім спакойна. Грошы любяць цішыню. Я намякаю, што СМІ, калі хочаце, каб было спакойна, не трэба лішняга шуму".

На пытанне “Беларусь 1”, ці прапануе Лукашэнка новую мадэль эканомікі, кіраўнік краіны папярэджвае, што здзівіць можа любой мадэллю, але сумняецца, што беларусы гатовыя да “тых вялікіх навацый”.

Лукашэнка: "Я магу прапанаваць як мінімум дзве вельмі жорсткія мадэлі, пра якія будуць гаварыць ва ўсіх кутках свету. Але вы іх не вытрымаеце. Калі я прапаную амерыканскую мадэль, то вуліцы запоўняцца баевікамі, будуць рабіць майданы, а людзі застануцца галоднымі... Калі вы пачнеце бегаць ад абменніка да абменніка і няшчасныя рублі беларускія мяняць на валюту, вядома, вы нас штурхняце да таго, што мы вымушаныя адпусціць валюту ў вольнае плаванне. Дык якія да мяне прэтэнзіі? Я вас папярэджваў. Але я ведаў, што вы, як сапраўдныя беларусы, мяне не паслухаеце".

Далей Лукашэнка абяцае, што "мы вырвемся з гэтага складанага становішча, у якое трапіла наша эканоміка". Распавядае, што калі стаў прэзідэнтам, то 85% экспарту было ў Расію. Сёння — 42%. "Мы больш гандлюем з Захадам, чым з Расіяй", — рэзюмуе кіраўнік краіны.

Для эканаміста Сяргея Чалага нічога дзіўнага і нечаканага ў адказах Аляксандра Лукашэнкі няма. Маўляў, сітуацыя вельмі сумная, усё дрэнна, але змяняцца нічога не будзе.

“Мяне не цікавяць усе гэтыя размовы пра тое, як яно было добра, ці дрэнна, а потым праз некалькі гадоў стала добра! Мяне цікавіць, якія перспектывы на будучыню! Але іх Лукашэнка намаляваць не можа, вось у чым фокус, — абураецца эканаміст. — То бок увесь час ідзе самаапраўданне. Вяртаючыся ў мінулае: “Я не ведаю, што б мы зрабілі… Мы выбралі правільны варыянт… У нас не было такіх праблемаў, якія былі ў суседзяў…” Ну не было такіх абвалаў, як у суседзяў, дык якога чорта ўсе гэтыя суседзі жывуць лепей і развіваюцца, а мы сядзім у дупе!? Польшчай, якой пужалі, Прыбалтыкай, што там людзі бягуць… А вы параўнайце іх узровень жыцця, параўнайце іх перспектывы эканамічнага росту, параўнайце кошты ў іх крамах! То бок, ужо не працуюць гэтыя страшылкі. Дык патлумачце, чаму атрымалася так, што мы, пазбягаючы жахаў, якія там, самі аказаліся ў дупе. Скажыце, што будзе далей! А далей атрымліваецца абсалютная безнадзея: эканамічнага росту няма, крыніц для гэтага росту няма, грошай у краіне няма, дэвальвацыя адбываецца, бо золатавалютнага запасу няма, больш зарабляць вы не будзеце, і лепей не будзе! Але пры гэтым змяняць што-небудзь нельга, бо іначай нас чакаюць нейкія баевікі, майданы і ўсё астатняе. Вось і ўсё!”

Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі (анлайн)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі