Частка Мазыра па-ранейшаму застаецца без вады
У часткі мазырчукоў дагэтуль няма вады
У першым раёне Мазыра па-ранейшаму няма вады ў жылых дамах, паведамляе афіцыйны тг-канал гарадскіх уладаў.
Ёсць верагоднасць, што пры запуску сістэмы прарвала трубаправод — праз рэзкі скок ціску.
Мазырчукоў настойліва просяць зачыняць краны з вадой. Камунальнікі атрымалі ўжо 24 выклікі ў сувязі з тым, што ў кватэрах прарвала ваду.
Разам з тым улады Гомельшчыны рапартуюць, што за ноч аднавілі падачу электрычнасці ў 144 населеныя пункты. Над гэтым працавалі 88 аварыйных брыгад. Удзень іх колькасць павялічыцца амаль удвая.
Электраэнергія ёсць ужо ва ўсіх райцэнтрах. У 169 населеных пунктах сёння плануюць паставіць дызельныя генератары, каб забяспечыць часовае электразабеспячэнне. Акрамя таго брыгады Гомельаблгазу прывозяць у вёскі і аграгарадкі невялікія генератары, каб людзі маглі часова падсілкаваць халадзільнікі, падзарадзіць мабільныя тэлефоны.
У асобных раёнах вобласці аднаўленчыя работы зранку ў сераду былі прыпыненая — пачалася навальніца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.