Чэргі легкавых аўто на выезд у ЕС з Беларусі за тыдзень выраслі амаль удвая
![Пункт пропуску "Каменны Лог" на беларуска-літоўскай мяжы / kp.by](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/litvat_1_08.jpg.webp?itok=Q1Ek4Evc)
Пункт пропуску "Каменны Лог" на беларуска-літоўскай мяжы / kp.by
Чэргі на выезд у ЕС з Беларусі за тыдзень выраслі амаль удвая, паведамляюць у Дзяржаўным памежным камітэце РБ. У параўнанні з пачаткам папярэдняга тыдня колькасць легкавых аўтамабіляў, якія чакаюць магчымасці трапіць у ЕС, павялічылася на 71%.
Горш за ўсё ідуць справы ў пунктах пропуску на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах. У беларускім памежным камітэце кажуць, што калегі вельмі павольна афармляюць транспарт. У прыватнасці, у пункце пропуску "Мядзінінкай (Каменны Лог)" літоўскія кантрольныя службы за суткі аформілі толькі 41% аўтамабіляў ад нормы. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў пункце пропуску "Мядзінінкай" у цяперашні час праходзяць рамонтныя працы — рух транспарту тут абмежаваны. Менш за норму (усяго 34% аўтамабіляў) аформілі за суткі і ў пункце пропуску "Тэрэспаль (Брэст)" на беларуска-польскай мяжы.
Пры гэтым чэргі з грузавікоў скараціліся — колькасць фур на ўезд у краіны ЕС знізілася на 32%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.