Чым падобныя і чым адрозніваюцца зборныя Беларусі і Македоніі
Расказваем пра першага саперніка Аляксандра Хацкевіча на пасадзе галоўнага трэнера.
Сёння нацыянальная зборная Беларусі па футболе правядзе свой першы матч пад кіраўніцтвам новага трэнера, які яшчэ нядаўна сам выходзіў на поле ў яе форме — Аляксандра Хацкевіча.
Заснаванне.
Абедзве каманды нельга назваць старымі. Зборная Македоніі свой першы афіцыйны матч правяла 13 кастрычніка 1993 года ў гасцях супраць каманды Славеніі падчас адбору на Еўра-1996. І разгромна выйграла яго з лікам 4-1. Праўда, на чэмпіянат Еўропы ў выніку македонцы не трапілі.
Беларусы свой першы афіцыйны матч згулялі ўсяго на год раней — 28 кастрычніка 1992 года з украінцамі. Ён прайшоў у Мінску і скончыўся нічыёй 1:1.
Самыя буйныя перамогі і паражэнні.
Не кожны беларускі заўзятар ведае, але аднойчы наша нацыянальная зборная абыграла сапернікаў з разгромным лікам 5:0. Так, былі такія часы. Гэта адбылося 7 чэрвеня 1998 года ў матчы супраць зборнай Літвы. Зусім нядаўна яшчэ была перамога ў таварыскім матчы над таджыкамі з лікам 6:1, але літоўцы ўсё ж больш моцны сапернік.
Цікава таксама, што самае чорнае паражэнне ў зборнай Беларусі таксама адбылося з лікам 5:0. 11 чэрвеня 2003 года мы так ганебна прайгралі ў Інсбруку аўстрыйцам.
Наш сённяшні сапернік, зборная Македоніі, мела ажно тры сухія разгрормныя паражэнні з лікам 5:0. Першае з іх — у чэрвені 1995 года на сваім полі ад Бельгіі. У 2001 годзе македонцы двойчы атрымлівалі па пяць сухіх галоў — ад славакаў і венграў. А ў 2005 годзе ў гасцях прайгралі чэхам з лікам 6:1.
Самая буйная перамога ў македонцаў здарылася 9 лістапада 1996 года. У той дзень яны гулялі ў гасцях у Ліхтэнштэйна і здолелі закаціць у браму ажно 11 галоў, атрымаўшы ў адказ ўсяго адзін.
Аляксандр Глеб
Вядомыя футбалісты.
Самы вядомы ў свеце з беларусаў на сёння, бадай, Аляксандр Глеб. Хоць яго слава ў апошнія гады істотна паблякла.
Сярод македонскіх футбалістаў зорак таксама не вельмі шмат, але, як мінімум адзін усё ж выдзяляецца. Гэта капітан каманды Горан Пандаў. Цяпер выступае за турэцкі "Галатасарай" (цікавае супадзенне — наш Глеб таксама ў Турцыі), але лепшыя часы кар’еры правёў у Італіі, дзе граў за “Напалі”, “Інтэр” і “Лацыа”. У 2011 годзе стаў героем фанатам “Інтэрнацыянале”, калі у адной восьмай фінала ў гасцях на 88-ай хвіліне забіў пераможны гол “Баварыі”. Італьянскі клуб тады выйграў з лікам 3:2 і прайшоў далей. У дадатак Горан Пандаў мае перамогу ў Лізе чэмпіёнаў — у 2010 годзе ў складзе таго ж “Інтэра”. З беларусаў гэты трафей з "Барселонай" выйграваў Аляксандр Глеб. Праўда, у асноўным складзе каталонскага клуба ён выступаў вельмі мала.
Македонская зорка Горан Пандэў
Трэнеры.
З нашым усё збольшага зразумела — Аляксандра Хацкевіча ведаюць усе футбольныя заўзятары Беларусі. Яму 41 год, лепшы час у кар’еры правёў у складзе кіеўскага “Дынама”, шмат выступаў за зборную Беларусі. Да галоўнай каманды краіны крыху трэніраваў дубль кіеўскага “Дынама”. Кажа, што за 20 гадоў жыцця ў Кіеве шмат чаго набраўся ад украінцаў і паспрабуе прыўнесці гэта ў зборную Беларусі.
У македонцаў трэнер таксама свой, македонскі. Інфармацыі пра Бошка Джуроўскага зусім мала — нават македонская "Вікіпедыя" ведае пар яго ўсяго некалькі радкоў. Нарадзіўся ў 1961 годзе, гуляў за мясцовы клуб “Цетава”, потым у бялградскай “Црвене Звэздзе”. Галоўную каманду краіны трэніруе таксама зусім нядоўга — усяго два няпоўныя гады.
Шансы на перамогу і выхад з групы.
Паводле рэйтынга ФІФА, больш шансаў акурат у гаспадароў матча. Македонія займае там 74 радок, Беларусь — 98. Добра, што вышэйшы рэйтынг далёка не заўсёды працуе.
У табліцы групы македонцы на радок вышэй за нас — яны маюць тры ачкі супраць аднаго беларускага. Фактычна, сённяшні матч вызначыць, хто будзе займаць чацвёрты радок. Да трэцяга, які дае шансы працягнуць барацьбу пасля заканчэння кваліфікацыі, далёка абодвум камандам. Яго дзеляць Украіна і Іспанія — у абодвух ажно па дзевяць балаў. Так што, сённяшні футбол калі і не будзе таварыскім, то даволі разняволеным — дакладна.