Чым праграма на новую пяцігодку адрозніваецца ад ранейшай
За тыдзень да пачатку Усебеларускага сходу апублікаваныя Асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016 — 2020 гады. Гаворачы простай мовай — план на чарговую пяцігодку. Поўны тэкст дакумента з разгорнутымі тлумачэннямі і лічбамі з'явіцца толькі пасля самога сходу (22-23 чэрвеня), але нешта ёсць і ў скарочанай версіі. Еўрарадыё параўноўвае новыя абяцанні з тымі, што нам давалі пяць гадоў таму — перад мінулым Усебеларускім сходам.
Рост валавога ўнутранага прадукту
ВУП — адзін з асноўных паказчыкаў развіцця нацыянальнай гаспадаркі. Ім мераюцца ўсе краіны ў свеце (выкарыстоўваюць звычайна тэрмін "ВУП на душу насельніцтва"). У Беларусі ў пачатку 2000-х ВУП рос стабільна і значна, але цяпер моцна запаволіўся. Гэта бачна нават з афіцыйных прагнозаў. У праграме на 2011 — 2015 гады яго рост прагназаваўся ў памеры 62-68%. Сёлета мы марым, каб да 2020 года валавы ўнутраны прадукт у Беларусі вырас на 12-15%. Па 2,5-3% у год. Сціпленька.
Рост рэальных прыбыткаў насельніцтва
Калі коратка, то рэальныя прыбыткі — гэта рост заробкаў з карэкцыяй на інфляцыю. Аўтары праграмы на пяцігодку 2011 — 2015 прадбачылі, што рэальныя прыбыткі беларусаў за пяць гадоў павялічацца у 1,7 разу — прыкладна на 75%. Сёлета мы прагназуем, што да 2020 года рэальны прыбытак вырасце ўсяго на 9,5-11%. То бок калі вы цяпер зарабляеце запаветныя 500 баксаў у месяц, то праз пяць гадоў будзеце зарабляць 550. Пры ўмове, што ўсе чаканні і прагнозы беларускага ўрада збудуцца.
Інфляцыя
Тут стабільнасць. У 2011 годзе ўлады прагназавалі, што да 2015 узровень інфляцыі ў краіне знізіцца да 5% у год. Сёлета прагназуюць, што такой яна будзе ў 2020 годзе. Рэальная інфляцыя за 2015 год склала каля 12%.
Ураджайнасць збожжавых
Куды без гэтага ў прагнозах на пяцігодку. Сёлета ў гэтым ноў-хаў ёсць прагноз па сярэдняй ураджайнасці ў 2020 годзе — яна павінная быць ажно 41 цэнтнер з гектара. Сабраць праз пяць гадоў плануем цэлых 10 мільёнаў тон. Аўтары прагнозу на 2011 — 2015 гады планавалі, што ў 2015 годзе у Беларусі збяруць 11,6 мільёнаў тон збожжавых. Але атрымалася сабраць 9 мільёнаў тон.
Узровень забеспячэння жыллём
Ён у нас вымяраецца сярэдняй колькасцю квадратных метраў на кожнага грамадзяніна. Дык вось, у праграме на 2011 — 2015 гады гаварылася, што у канцы пяцігодкі на кожнага беларуса будзе 27-28 квадратаў жылплошчы. Амаль аднапакаёвая кватэра. Ну, уласны пакой мінімум. У 2016 годзе рэальны паказчык складае 26,5 квадратных метраў. Новая праграма на 2016-2020 гады абяцае, што праз пяць гадоў кожны з нас будзе жыць на 27,3 уласных квадратах. Хочацца верыць.
Акрамя ўсяго гэтага кароткія палажэнні праграмы развіцця Беларусі на 2016 — 2020 гады абяцаюць крэдыты ў нацыянальнай валюце максімум пад 11%, тысячу кіламетраў новых і рэканструяваных дарог ды сярэднюю працягласць жыцця 75,3 года (цяпер 72). Мары-мары.
Каментар эксперта. Вадзім Іосуб, старшы аналітык "Альпары":
З аднаго боку, ставіць перад сабой пэўныя мэты — гэта цалкам разумна. Асабліва ў галіне зніжэння інфляцыі. Калі насамрэч дзеянні, якія будуць рабіцца, будуць працаваць на выкананне гэтых мэтаў. Але, на жаль, у нашых умовах, асабліва ў апошнія гады, склалася такая практыка, калі мэты ставяцца, не выконваюцца, а далей альбо народу не тлумачаць, чаму мэты не былі выкананыя, альбо гэта спісваецца на нейкія знешнія фактары, на нейкія сусветныя крызісы. Вось з гэтых лічбаў, якія мне сёння ўдалося ўбачыць, на маю думку, разумнымі выглядаюць лічбы па зніжэнні інфляцыі да 5% у 2020 годзе. Разумна нават не з пункту гледжання дасягальнасці, а таму, што правільна ставіць перад сабой такую мэту і намагацца яе дасягнуць. Пры гэтым планы па росце ВУП, па росце рэальных заробкаў увогуле выклікаюць пэўныя пытанні. Узнікаюць пытанні пра мэтазгоднасць такога планавання