Чым скончацца турэцкія антыўрадавыя пратэсты?

Пасля паездкі ў краіны Паўночнай Афрыкі прэм’ер-міністр Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган выступіў у Стамбуле перад тысячамі сваіх прыхільнікаў.

Палітык запатрабаваў спыніць незаконныя маніфестацыі, якія праходзяць па ўсёй краіне з 31 траўня. Некаторыя эксперты нават пачалі казаць пра “арабскую вясну” у Турцыі. Але канадскі журналіст Эрык Марголіс лічыць, што повадам для пратэстаў стала, хутчэй, вайна ў Сірыі.

Эрык Марголіс: “Мы бачым, што абураныя ўсе: і левыя, і правыя. Левых хвалююць экалагічныя праблемы, але большасць туркаў незадаволеная ўрадам з-за таго, што той падтрымлівае паўстанцаў у Сірыі. Турцыя грае важнейшую ролю ў фінансаванні, узбраенні і ў навучанні сірыйскіх паўстанцаў”.

Не бачыць “арабскай вясны” ў Турцыі і загадчык кафедры турызму і гасціннасці БДУ Сяргей Алюнін. Бо Турцыя не з’яўляецца арабскай краінай і мае сваю спецыфіку.

Сяргей Алюнін: “Гэта спецыфіка, у першую чаргу, будуецца вакол турэцкай нацыянальнай ідэнтычнасці, якая мае свае пэўныя складанасці ў станаўленні, развіцці, гісторыі. І ўсё гэта, хутчэй за ўсё, вядзе не да “вясны”, а да дыскусій пра тое, якой цяпер будзе Турцыя і якім будзе турак”.

Паводле словаў эксперта, турэцкае грамадства вельмі неаднароднае. У ім прысутнічае некалькі сацыяльных груп, у тым ліку і прыхільнікі свецкай дзяржавы. Таму цяпер, у першую чаргу, ідуць дэбаты наконт таго, якая ступень мусульманскай культуры будзе прысутнічаць у штодзённасці і ў палітычнай сферы.

Як могуць развівацца падзеі далей? Сяргей Алюнін мяркуе, што гэта эмацыйны пратэст, працягу якога, хутчэй за ўсё, не будзе. Бо ў Турцыі няма палітычнай альтэрнатывы Эрдагану. Галоўнае толькі, каб усё абышлося без вялікіх ахвяр.

Сяргей Алюнін: “Спадзяюся, што Эрдагану хопіць палітычнай волі і цярпення, і танкі на вуліцу не выведзе. Бо адзін са складнікаў яго палітычнай дзейнасці ў Турцыі — гэта спроба разабрацца з ваеннымі і спроба паставіць ваенных у межы законнасці, каб яны былі гарантам цэласнасці краіны на знешняй арэне, але не ўмешваліся ва ўнутранае жыццё. Таму, хутчэй за ўсё, ён не будзе выкарыстоўваць хады, якія рабілі ваенныя ў тым жа 1980-м годзе”.

Нагадаем, паводле Euronews, за час пратэстных акцый у Турцыі тры чалавекі загінулі і пацярпелі больш за 4 тысячы, а таксама,паводле турэцкага МУС, было паранена больш за 500 паліцэйскіх.

Фота: rus.ruvr.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі