Эвалюцыянер з ціхім голасам. Што трэба ведаць пра заўтрашнія выбары ў Турцыі

Гэта можа быць больш эфектна, чым фінал “Еўрабачання” / фота ВК/GETTY IMAGES
Гэта можа быць больш эфектна, чым фінал “Еўрабачання” / фота ВК/GETTY IMAGES

Дваццаць гадоў Турцыяй кіраваў Рэджэп Эрдаган, але заўтра яго эпоха можа скончыцца. Ці не! Еўрарадыё расказвае, што адбываецца ў Турцыі ў гэтыя дні.

 

Прэзідэнт на кухні

“Калі я ўпершыню сустрэлася з ім, я падумала, што ён не рэвалюцыйны лідар, а эвалюцыйны”, — так былая калега па партыі апісвае галоўнага апазіцыйнага лідара Турцыі Кемаля Кылычдараглу ў размове з ВВС.

Напярэдадні дня галасавання ён з'яўляўся на мітынгах у бронекамізэльцы. Яго фірмавы жэст — складзеныя сэрцам далоні. Серыю перадвыбарчых ролікаў ён запісваў на сваёй куханьцы — зусім звычайнай, за спінай кандыдата віселі ручнікі. З-за гэтага відэазвароты палітыка ў нейкі момант пачалі называць “кухоннымі дзённікамі”.

Цікава, што такі імідж у самога Кылычдаралгу і ў яго партыі быў не заўсёды, аналізуе CNN. Некалі партыя была “элітарнай”, але сёння словы Кемаля накіраваны менавіта на сярэдні клас і на бедных людзей. На людзей, якіх заўсёды перацягваў на свой бок Эрдаган.

Кандыдат у прэзідэнты запісвае відэазвароты проста на кухні

Дзейны ўрад, дарэчы, калісьці любіў пагуляць на адрозненнях паміж “элітамі” і “простым народам”, кажа прафесар паліталогіі ў стамбульскім універсітэце Мурат Сомер.

“Урад [Эрдагана] вельмі часта карыстаўся адрозненнямі паміж народам і элітай,.. каб дыскрэдытаваць апазіцыю, паказваючы яе як частку нейкай эліты. Гэта стварыла вельмі цвёрды, закасцянелы, негатыўны вобраз, якога апазіцыя не магла пазбыцца”, — сказаў ён у інтэрв'ю з CNN.

І тут Кылычдароглу вырашыў паказаць народу сваю звычайную кухню ў звычайным доме. Такія дамы і такія кухні знаёмыя туркам з сярэдняга класа.

 

Яшчэ ніхто не заўважаў, каб хоць раз ён гыркнуў

А яшчэ ў Кемаля Кылычдараглу вельмі ціхі голас. Ён заўсёды спакойны, чым часам зводзіць з глузду нават паплечнікаў, цытуе ВВС аднаго з блізкіх людзей галоўнага апанента Эрдагана. Яго хаўруснікі па партыі не помняць, каб Кылычдараглу хоць раз падвысіў голас. Праз спакойны характар і некаторае вонкавае падабенства з індыйскім лідарам яго нават пачалі называць Кемаль Гандзі.

Але сваім мяккім голасам ён размаўляе з выбарцамі на вельмі вострыя для Турцыі тэмы. Прыкладам, пра курдскую меншасць. Гэтым жа ціхім голасам ён абяцае, што аб'яднае ўсе пласты насельніцтва краіны.

Ён абяцае вярнуць уладу ў Турцыі парламенту на чале з прэм'ер-міністрам, абяцае адрадзіць незалежныя суды і вольную прэсу.

“Я буду служыць усім 85 мільёнам грамадзянаў Турцыі. Я выкажу павагу да кожнага з вас”, — кажа Кылычдараглу.

 

Што здараецца, калі ў апазіцыі атрымліваецца выбраць аднаго кандыдата

Галоўнага суперніка Эрдагана падтрымлівае шэсць апазіцыйных партый. І апроч таго, што ў іх на найбліжэйшыя дні з'явіўся агульны лідар, гэтыя сілы мала што яднае. Але дзеля супрацьстаяння Эрдагану кансерватары і нацыяналісты пад лідарствам Кылычдараглу выступаюць заадно з левацэнтрыстамі.

Эволюционер с тихим голосом. Что нужно знать о завтрашних выборах в Турции
Кандыдат ад апазіцыі vs кіраўнік, што стаіць на чале краіны 20 гадоў / SERCAN KUCUKSAHIN / ANADOLU AGENCY VIA GETTY IMAGES

Партыя самога Кылычдараглу свецкая, але ён паспрабаваў прыцягнуць на свой бок і жанчын у хіджабах. Дарэчы, некаторыя лічаць, што з'яднаць такія розныя сілы вакол сябе палітыку дапамог усё той жа мірны характар.

“Я ніколі не чуў з яго вуснаў ні слова нянавісці. Ён можа раззлавацца на некага, але захоўвае спакой, а потым лёгка даруе гэтаму чалавеку. Таму ў яго атрымалася працаваць разам з палітыкамі, якія рэзка ставіліся да яго ў мінулым”, — кажа адзін з прыхільнікаў палітыка.

 

Што зменіцца ў Турцыі, калі пераможа Эрдаган?

Эрдаган можа аб'яўляць надзвычайнае становішча, можа прызначаць і звальняць дзяржслужбоўцаў. Калі ён пераможа, у краіне зменіцца няшмат — яго паўнамоцтвы і так настолькі шырокія, што далей іх пашыраць асабліва няма куды, лічаць у турэцкім аналітычным цэнтры Tepav.

Але ёсць некалькі праблем, з якімі Эрдаган падыходзіць да выбараў. Першае — эканоміка: інфляцыя афіцыйна складае 43,68%. Але шмат якія туркі лічаць, што рэальныя лічбы яшчэ вышэйшыя. У першыя гады кіравання Эрдагана ў Турцыі моцна расла эканоміка. Цяпер сітуацыя змянілася.

У адным з апошніх перадвыбарчых відэаролікаў яго апанент стаіць на кухні і трымае ў руках простыя прадукты: хлеб, яйкі, ёгурт. А потым нагадвае, наколькі вырасла іх цана за год. Вінаваты, вядома, Эрдаган.

Сам прэзідэнт, зрэшты, абяцае, што эканамічны росквіт вернецца: ён кажа, што ў краіне з'явіцца 6 млн новых працоўных месцаў і што ён паклапоціцца пра тое, каб атрымаць больш сродкаў ад турызму.

Эволюционер с тихим голосом. Что нужно знать о завтрашних выборах в Турции
Турцыя, Анталія / pixabay

Падкасіла кіраванне Эрдагана і нядаўні землятрус у Турцыі, які забраў больш за 50 тысяч жыццяў. І хоць урад хутка затрымаў будаўнікоў, якіх абвінавацілі ў парушэннях нормаў пры ўзвядзенні дамоў, шмат хто вінаваціць у маштабах трагедыі самога Эрдагана і развітае пры ім кумаўство.

А яго галоўны палітычны апанент вядомы за змаганне менавіта з карупцыяй — яшчэ некалькі ачкоў на карысць Кылычдараглу.

 

Якімі будуць адносіны з Расіяй?

У Эрдагана з Уладзімірам Пуціным “выдатныя” адносіны. Турцыя паспрыяла, прыкладам, заключэнню “зерневага пагаднення” паміж Украінай і Расіяй. Ад пачатку вайны Анкара арганізоўвала перамовы паміж краінамі, дапамагала з арганізацыяй абмену палоннымі.

Таму ў туркаў ёсць пытанне: а ці можна “ціхім голасам” Кылычдараглу вырашаць такія пытанні? Як зменіцца пазіцыя Турцыі, калі да ўлады прыйдзе новы прэзідэнт?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі