Турцыя ўсё ж такі ўхваліла ўступленне Фінляндыі ў NATO
Парламент Турцыі / global.tbmm.gov.tr
Генеральная Асамблея парламента Турцыі ўхваліла заяўку Фінляндыі на ўступленне ў NATO, піша CNN Turk. Раней на гэтым тыдні далучэнне Фінляндыі да Альянсу ўхваліў парламент Венгрыі. Гэтыя дзве краіны, Турцыя і Венгрыя, да апошняга тармазілі падтрымку новых патэнцыйных чальцоў NATO. Будапешт спасылаўся на недастаткова паважлівае стаўленне да яго Стакгольма і Хельсінкі. А турэцкія ўлады патрабавалі, каб гэтыя краіны выдалі Анкары членаў забароненай у Турцыі "Рабочай партыі Курдыстана".
Фінляндыя і Швецыя падалі заяўкі на ўступленне ў Паўночнаатлантычны альянс у траўні мінулага года. Далучыцца да Альянсу яны вырашылі пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны. Было абвешчана, што краіны маюць намер прайсці працэдуру разам і адначасова. Згодна з працэдурай, усе краіны-члены блока павінны ўхваліць іх заяўкі.
З заяўкай Швецыі па-ранейшаму праблемы. У канцы студзеня ў Стакгольме на акцыі курдаў перад турэцкай амбасадай спалілі Каран. Пасля гэтага прэзідэнт Турцыі Рэджэп Тайіп Эрдаган заявіў, што шведскія ўлады могуць не чакаць падтрымкі ўступлення ў альянс праз абразу мусульман. Пасля гэтага ўлады Фінляндыі дапусцілі, што пачнуць працэдуру ўступлення ў NATO без Швецыі, хоць гэта і нясе патэнцыйныя рызыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.