Чыноўнікі са “спісу неўяздных” не спяшаюцца наведаць Еўропу

Больш за месяц прайшло з таго часу, як была знятая забарона на ўезд на тэрыторыю краін Еўрасаюзу для большай часткі беларускіх чыноўнікаў. Але, як стала вядома Еўрарадыё, чыноўнікі з “чорнага спісу” не спяшаюцца выкарыстоўваць гэтую магчымасць для вандровак па Еўропе.  Начальнік упраўлення грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі Алег Сліжэўскі прызнаўся Еўрарадыё, што наяўнасць забароны не перашкаджала яму па працы выязджаць у краіны Еўропы. Таму зараз, калі гэтую забарону афіцыйна знялі, ён не адчувае патрэбы кудысьці паспешліва з’ездзіць.

Алег Сліжэўскі: “Пакуль гэтыя спісы былі, я не адчуваў нейкіх нязручнасцяў. Быў я і ў той перыяд і ў Еўропе, у тым ліку і па службовых пытаннях. Але зараз, пасля адмены забароны, не быў ні разу. І пакуль не планую. Магчыма, у далейшым, але пакуль такіх планаў няма”.

Паездзіў па свеце, нягледзячы на забарону, і былы сенатар Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец. Ён нават заблытаўся ў падліках, колькі разоў быў у Парыжы за апошні час – ці то 10, ці то 15. Таму таксама нікуды ехаць адпачываць не спяшаецца.

Мікалай Чаргінец: “Калі мне трэба, я еду ў Еўропу. Прымаюць спісы, а калі без нас абыйсціся не могуць, мы ўсё адно працуем з імі! Божухна! Я ва ўсіх краінах быў. Летась у Парыжы быў ужо ці то 10, ці то 15 разоў. Во як! Таму ехаць туды ў адпачынак - мне гэта не цікава”.

Яшчэ да адмены “еўрапейскіх спісаў” былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян прызнаваўся Еўрарадыё, што марыць наведаць Прагу і Сербію. Але пакуль ён не скарыстаўся магчымасцю наведаць мясціны сваёй мары: чакае, пакуль туды можна будзе патрапіць у складзе афіцыйнай дэлегацыі. Кажа, ён зараз чалавек беспрацоўны, толькі пачаў афармляць пенсію, і таму грошай не багата.

Сяргей Касцян:
“Будзе паседжанне міжнароднага славянскага камітэта ў Празе ў лютым наступнага года, дзе вельмі чакаюць, каб я прысутнічаў. І я вельмі спадзяюся, што буду там прысутнічаць. Ну, і мяне запрашаюць сербы, радыкальная партыя. Яны ўдзельнічаюць у працы славянскага парламенцкага саюза, старшынёй якога я з’яўляюся, і яны запрашаюць мяне наведаць Сербію як старшыню гэтага саюзу”.

Не “рвануў”, паводле яго слоў, за мяжу пасля адмены “спісаў неўяздных” і сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Мікалай Лазавік: “Зараз, калі знялі гэтыя абмежаванні, не рвануўся кудысьці за мяжу. Не было і да ўвядзення забароны на выезд у Еўропу ў мяне такіх паездак, да і жадання не было, і цяпер яно, гэтае жаданне, не з’явілася. Зараз не было неабходнасці, і таму ніякіх паездак не было. Больш за тое, бліжэйшыя паездкі, што плануюцца, не на захад, а на паўднёвы ўсход. У снежні будуць выбары ў Туркменіі. І калі складуцца нармальна ўсе абставіны і прадставіцца магчымасць, я хацеў бы ўзяць удзел у назіранні за выбарамі ў Туркменіі”.

Сакратар ЦВК прызнаўся Еўрарадыё, што калі б у яго і ў старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай было такое жаданне, то і яны б, як Чаргінец і Сліжэўскі, паездзілі па Еўропе, нягледзячы на ўсе забароны.

Мікалай Лазавік: “Дзяржава, на тэрыторыі якой праходзіць міжнароднае мерапрыемства, абавязаная выдаць візу тым асобам, якіх міжнародная арганізацыя запрашае да ўдзелу ў дадзеным мерапрыемстве. І, напэўна, калі б Лазавік альбо Ярмошына вельмі хацелі патрапіць на нейкае мерапрыемства, дзе прадугледжваўся наш удзел і персанальна нас туды запрашалі, мы б маглі туды патрапіць. Але калі мы непажаданыя там госці, то навошта туды рвацца? Такая была нашая пазіцыя”.

У спісе неўяздных беларускіх чыноўнікаў засталіся лічаныя асобы — на чале з міністрам МУС Уладзімірам Навумавым, Дзмітрыем Паўлічэнкам і Юрыям Падабедам. Але атрымліваецца, што ім, каб абыйсці гэтую забарону, сёння не хапае толькі запрашэння нейкай міжнароднай арганізацыі. Напрыклад, міжнароднага саюзу байцоў АМАПу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі